У амэрыканскім штаце Каліфорнія адбылося пахаваньне вакаліста гурту Linkin Park Чэстэра Бэнінгтана. Культавы музыка скончыў жыцьцё самагубствам 20 ліпеня, яму быў 41 год.
Як паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы, жалобная цырымонія прайшла ў батанічным садзе гораду Палас-Вэрдэс-Эстэйтс, недалёка ад якога жыў Бэнінгтан.
Як піша часопіс TMZ, пахаваньне было закрытым, на ўваходзе служба аховы правярала запрашальнікі. Да труны дапускалі толькі тых, у каго на руцэ быў адмысловы бранзалет — аналягічны ўзорам, якія выдаюць на канцэртах.
Побач з моўніцай, за якою блізкія і сябры прамаўлялі разьвітальныя словы, была ўзьведзеная імправізаваная сцэна з інструмэнтамі і ўдарнай устаноўкай. Кожны ўдзельнік жалобнай імпрэзы атрымаў картку з выявай аднаго з заснавальнікаў Linkin Park.
Пасьля сьмерці свайго фронтмэна музыкі Linkin Park прынялі рашэньне скасаваць заплянаваны канцэртны тур па Паўночнай Амэрыцы.