Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хваліў менчукоў, запісаў няўдалы альбом, памёр на дзень народзінаў сябра, які павесіўся: 10 фактаў пра Чэстэра Бэнінгтана і 10 ягоных песень


Чэрстэр Бэнінгтан на канцэрце Linkin Park, архіўнае фота
Чэрстэр Бэнінгтан на канцэрце Linkin Park, архіўнае фота

Вакаліст папулярнага амэрыканскага гурту Linkin Park 41-гадовы Чэстэр Бэнінгтан быў знойдзены мёртвым у сваім доме 20 ліпеня. Паводле папярэдніх зьвестак, ён скончыў жыцьцё самагубствам; як паведамляюць некаторыя СМІ, павесіўся.

«Голас пакаленьня»

Гурт Linkin Park (стылізаванае напісаньне назвы «Парк Лінкальна»), у якім Бэнінгтан быў вакалістам поплеч з Майкам Шынодам, ня раз называлі ў ліку самых уплывовых рок-гуртоў або самых папулярных гуртоў 2000-х. Гурт папулярызаваў жанр ню-мэталу, у якім зьмешваліся альтэрнатыўны рок, мэтал і рэп. Вакал Бэнінгтана мог быць як лагодным, ледзь не фальцэтам, так і дзікім ровам. Запісы гурту разышліся накладам 70 мільёнаў копіяў, ён атрымаў дзьве «Грэмі» і яшчэ шэсьць дзясяткаў узнагародаў, стаў першым рок-гуртом зь мільярдам праглядаў на Youtube. Фан-клюбы гурту ёсьць па ўсёй плянэце, на беларускі фан-клюб падпісаныя тры тысячы чалавек. Брытанскі гурт You Me at Six, пішучы пра сьмерць Бэнінгтана, назваў яго «голасам пакаленьня».

Хацеў «забраць менскую публіку з сабой»

У 2015 годзе гурт Linkin Park даў канцэрт у Менску, сабраў поўную «Менск-Арэну». Бэнінгтан хваліў беларускую публіку, называў яе «найлепшай за турнэ» і «адной зь самых лепшых у сьвеце», казаў, што хацеў бы вазіць менскі натоўп з сабой паўсюль. Фанаты скакалі пад песьні гурту нават на сядзячых месцах, ладзілі флэш-мобы да канцэрту і ў час выступу. Напярэдадні канцэрту песьню беларускага гурту Boston Lane пасьпяхова выдалі за новы трэк Linkin Park.

Сьпяваў пра незадаволенасьць сабой і сьветам

Хоць у песьнях Linkin Park тэма суіцыду ня згадвалася наўпрост, раньнія гіты гурту былі прысьвечаныя болю, расчараваньню ў сабе, страху і няўпэўненасьці, напрыклад «Усё, што ты кажаш мне, робіць мяне на крок бліжэй да краю, я вось-вось зламаюся» («One step closer»). У ліку найпапулярнейшых песень, якія сьпяваў Бэнінгтан, — «Здраньцьвеньне» («Numb») і «Непрытомнасьць» («Faint»). У пазьнейшых альбомах гурт усё часьцей сьпяваў не пра сябе, а пра сьвет, напрыклад «Божа, блаславі нас усіх, мы зломленыя людзі, якія жывуць пад руляй пісталета» («The Catalyst»).

Меў староньні праект, цікавіўся тату, меў сваю лінію адзеньня, здымаўся ў «Піле»

Акрамя Linkin Park, Бэнінгтан заснаваў гурт Dead by Sunrise, у якім выконваў песьні, што лічыў неадпаведнымі стылю Linkin Park, занадта змрочнымі для асноўнага гурту. Dead by Sunrise запісаў толькі адзін альбом у 2009 годзе і пасьля не канцэртаваў актыўна, але Бэнінгтан настойваў, што праект «не аднаразовы». Таксама Бэнінгтан здымаўся ў эпізадычных ролях у дзьвюх частках фільму «Адрэналін», выканаў ролю злачынцы, які памірае пакутніцкай сьмерцю, у фільме «Піла 3D». Быў саўладальнікам сеткі тату-салёнаў Club Tattoo, меў лінію адзеньня супольна з Porsche Design. Рабіў сабе шмат тату, у тым ліку заручальнага пярсьцёнка ў час, калі жаніўся першы раз, і ініцыялы другой жонкі на грудзях, назву гурту Linkin Park на паясьніцы.

Страчваў папулярнасьць, абураўся крытыкай апошняга альбому

Пасьля вялікага посьпеху першых двух альбомаў «Hybrid Theory» і «Meteora» наступныя кружэлкі прадаваліся ўсё меншымі накладамі. Гурт схіляўся да больш лагоднай музыкі ў «Minutes to Midnight», «A Thousand Suns» і «Living Things», спрабаваў вярнуцца да ранейшага жорсткага гучаньня ў запісаным у «гаражным» духу «The Hunting Party», але ўрэшце ў траўні 2017-га выдаў надзвычай лёгкі «One More Light». Тым часам крытыкі хвалілі новую песьню другога вакаліста Linkin Park Шыноды, запісаную ў ягоным староньнім праекце Fort Minor. Апошні альбом Linkin Park крытыкі разграмілі — ня столькі за «спапсеньне», колькі за нецікавасьць нават паводле мерак поп-музыкі. Бэнінгтан агрэсіўна бараніў альбом, непрыстойнымі словамі заклікаў крытыкаў зьмірыцца з новым гучаньнем гурту.

Перажыў сэксуальны гвалт і залежнасьць ад наркотыкаў

У адным з інтэрвію Бэнінгтан заяўляў, што перажыў сэксуальны гвалт з боку старэйшага мужчыны, калі яму было 7 гадоў, але пабаяўся расказаць пра гэта, таму гвалт працягваўся да 13 гадоў, гвалтаўніка Бэнінгтан вырашыў не перасьледаваць. Бацькі Бэнінгтана разьвяліся, калі яму было 11, зь яго сьмяяліся ў школе праз худзізну, ён пачаў ужываць алькаголь і разнастайныя наркотыкі. Каб супакоіць сябе, Бэнінгтан маляваў і пісаў тэксты песень. Бэнінгтан заяўляў, што перамог залежнасьць ад наркотыкаў (у тым ліку сьпяваў пра гэта ў «Breaking the habit», якую называў сваёй любімай), але да канца жыцьця змагаўся з залежнасьцю ад алькаголю. Заставаўся адзіным чальцом Linkin Park без вышэйшай адукацыі.

Пайшоў з жыцьця на дзень народзінаў сябра, які павесіўся

У траўні 2017 году павесіўся сябра Бэнінгтана, вакаліст Soundgarden Крыс Корнэл. Бэнінгтан напісаў чульлівы разьвітальны ліст Корнэлу, у якім казаў, як той натхняў яго; сьпяваў на ягоным пахаваньні «Hallelujah». Бэнінгтан быў хросным бацькам сына Корнэла. Бэнінгтана знайшлі мёртвым у дзень народзінаў Корнэла.

Пакінуў пасьля сябе шэсьць дзяцей

Ад двух шлюбаў Бэнінгтан меў шасьцёра дзяцей; старэйшаму 21 год, малодшай 6 год. Адразу пасьля паведамленьняў пра сьмерць Бэнінгтана шэраг музыкаў абурыліся тым, што ён пайшоў з жыцьця, пакінуўшы жонку і дзяцей. Так, гітарыст Korn назваў гэта «баязьлівым учынкам» свайго даўняга сябра, а гурт One Direction назваў суіцыд «д’яблам, які ходзіць сярод нас» і, згадаўшы дзяцей Бэнінгтана, дадаў: тыя, хто думаюць пра суіцыд, «неверагодна памыляюцца на ўсіх узроўнях».

Меў пляны на гадзіны пасьля сьмерці

Бэнінгтан, меркавана, быў адзін у сядзібе каля Лос-Анжэлеса, ягонае цела знайшлі ў спальні. Туды ён прыехаў з Арызоны, дзе праводзіў час з жонкай і куды мусіў вярнуцца да яе. На некалькі гадзін пазьней за час, калі знайшлі цела Бэнінгтана, была заплянаваная фотасэсія ў Галівудзе зь Linkin Park і ягоным удзелам, праз тыдзень гурт плянаваў тур.

Гурт разьвітаўся зь ім кліпам на песьню «Размаўляю з сабой»

Песьня зьявілася ў апошнім альбоме Linkin Park «One More Light», у духу альбому спакойная і лагодная, распавядае пра немагчымасьць дастукацца да каханага чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG