Рада бясьпекі ААН у панядзелак правядзе пазачарговае паседжаньне для абмеркаваньня новай хвалі гвалту паміж ізраільцянамі і палестынцамі — самых жорсткіх сутыкненьняў паміж імі за некалькі гадоў, паведамляе «Голас Амэрыкі»
Ізраіль паведаміў у нядзелю аб арышце сама меней 25 чалавек, у тым ліку чальцоў групоўкі баевікоў ХАМАС, якія, як лічаць ізраільскія афіцыйныя асобы, удзельнічалі ў нядаўніх сутычках.
Сутыкненьні пачаліся вечарам у суботу ў Старым горадзе Ерусаліму пасьля таго, як улады закрылі мусульманам доступ да сьвятыні, якую яны ўшаноўваюць як «высакароднае сьвяцілішча», тады як прыхільнікі юдаізму называюць яе Храмавай гарой. Сотні мужчын-мусульман дэманстратыўна сабраліся непадалёк на вячэрнюю малітву і пратэставалі супраць усталяваньня мэталяшукальнікаў.
Каардынатар дзеяньняў ураду на Тэрыторыях генэрал-маёр Яаў Мардэхай заявіў, што Ізраіль гатовы абмяркоўваць альтэрнатывы мэталяшукальнікам, якія былі ўсталяваныя пасьля забойства двух ізраільскіх паліцыянтаў побач са сьвятым месцам.
«Адзінае, чаго мы хочам дамагчыся, — гэта каб больш ніхто ня змог прайсьці туды са зброяй і зладзіць яшчэ адну атаку», — сказаў ён.
Мусульманскія арганізацыі Ерусаліму ў нядзелю распаўсюдзілі заяву, у якой пацьвердзілі «катэгарычнае непрыманьне электронных рамак і ўсіх захадаў акупацыі».
Ізраільскія ўлады паведамілі ў суботу пра ператрус дома палестынца, што пражывае на Заходнім беразе ракі Ярдан, які ўвайшоў у дом габрэйскай сямʼі падчас вячэры і нанёс нажавыя раненьні траім ізраільцянам.
Двое пацярпелых памерлі ў пятніцу неўзабаве пасьля нападу ў паселішчы Нэвэ-Цуф, на поўнач ад Рамалы. Трэцяя ахвяра памерла пазьней у той жа дзень.