21 ліпеня Сэнат Польшчы прыняў законапраект, які фактычна паставіць Вярхоўны суд краіны ў залежнасьць ад выканаўчай і заканадаўчай улады. За прыняцьце новага дакумэнта прагаласавалі 55 дэпутатаў, 22 былі супраць, яшчэ 2 устрымаліся.
Прэзыдэнт Польшчы Анджэя Дуда цяпер мае 21 дзень, каб падпісаць законапраект, пасьля чаго ён уступіць у сілу.
Напярэдадні галасаваньня па ўсёй Польшчы пракацілася хваля пратэстаў, найбуйнейшая акцыя адбылася ў Варшаве. Удзельнікі дэманстрацый заяўляюць, што правячая партыя «Права і Справядлівасьць» парушае Канстытуцыю. Згодна з новымі правіламі міністар юстыцыі атрымае права адпраўляць у адстаўку ўсіх суддзяў вярхоўнага суда Польшчы і прызначыць новых.
Ініцыятары новага законапраекта ў сваю чаргу матывуюць перамены тым, што судовую сыстэму краіны неабходна ачысьціць ад карупцыі.