Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Конрад Паўлік выказаў пажаданьні на наступныя 25 гадоў беларуска-польскіх адносін


Паўнамоцны амбасадар Рэспублікі Польшча ў Менску Конрад Паўлік
Паўнамоцны амбасадар Рэспублікі Польшча ў Менску Конрад Паўлік

У Менску ўрачыста адзначылі 25-годзьдзе падпісаньня Дамовы аб добрасуседзтве і прыязным супрацоўніцтве паміж Польшчай і Беларусьсю.

У рамках урачыстасьцяў прайшла сустрэча зь першым амбасадарам Польшчы ў Менску Эльжбетай Смулковай. А ў Дзяржфілярмоніі адбыўся канцэрт двух выбітных піяністаў — беларуса Кірыла Кедука і паляка Лешка Можджэра ў суправаджэньні Дзяржаўнага камэрнага аркестру Беларусі пад кіраўніцтвам Алега Лясуна.

Клясычна-джазавы канцэрт "Беларусь-Польшча. 25 год добрасуседзтва" з удзелам выбітных выканаўцаў - Кірыла Кедука (Беларусь) і Лешака Можджэра (Польшча)
Клясычна-джазавы канцэрт "Беларусь-Польшча. 25 год добрасуседзтва" з удзелам выбітных выканаўцаў - Кірыла Кедука (Беларусь) і Лешака Можджэра (Польшча)

Урачыстасьці арганізавалі Польскі інстытут у Менску і амбасада Польшчы.

Перад канцэртам зь вітальнымі прамовамі выступілі Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Рэспублікі Польшча ў Менску Конрад Паўлік, першы міністар замежных спраў незалежнай Беларусі Пятро Краўчанка, першы амбасадар Польшчы ў Менску прафэсар Эльжбета Смулкова.

Кірыл Кедук
Кірыл Кедук
Лешак Можджэр
Лешак Можджэр

Карэспандэнт Свабоды задаў амбасадару Польшчы Конраду Паўліку некалькі пытаньняў пра будучыню беларуска-польскіх адносін.

Амбасадар Конрад Паўлік, сярод іншага, заявіў, што 25-гадовы юбілей усталяваньня двухбаковых польска-беларускіх дыпляматычных дачыненьняў і падпісаньня вялікай дамовы аб сяброўстве падкрэсьлівае важнасьць для Польшчы супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі і народамі.

— Пане амбасадар, як вы бачыце пэрспэктывы двухбаковага супрацоўніцтва? Якія важныя супольныя праекты чакаюць Беларусь і Польшчу бліжэйшым часам?

— Маё пажаданьне на наступныя 25 гадоў — гэта выкарыстаньне ў большай ступені тых рамак, якія мы акрэсьлілі сабе 25 гадоў таму ў Дамове аб добрасуседзтве і прыязным супрацоўніцтве. Яны акрэсьліваюць рамкі ў розных сфэрах, вызначаюць сфэры супрацоўніцтва. І вызначаюць таксама, як мы маем супрацоўнічаць перад абліччам розных пагроз і выклікаў. Відавочна, што мы хочам, каб тых пагроз і выклікаў было як найменей. Што да пазытыўнай сфэры, то каб мы маглі яшчэ больш выкарыстоўваць тыя сфэры, якія мы крыху занядбалі або пра нешта забылі — каб мы гэта выправілі.

Гаворка пра больш поўнае выкарыстаньне тых магчымасьцяў, якія мы маем на паперы, але не карыстаемся імі.

Такім чынам, гаворка пра больш поўнае выкарыстаньне тых магчымасьцяў, якія мы маем на паперы, але не карыстаемся імі.

Калі канкрэтней, то хацеў бы назваць некалькі такіх сфэраў, у якіх мы хочам супрацоўнічаць зь Беларусьсю. Згадаю пасяджэньне супольнай дарадчай камісіі ў справах культурнай спадчыны, якое прайшло некалькі дзён таму. Гэта вялікая сфэра двухбаковага супрацоўніцтва, тут ёсьць шмат важных рэчаў для рэалізацыі, і гэта было бачна па пасяджэньні гэтай камісіі.

Нас лучыць супольная спадчына, агульная традыцыя, ёсьць шмат культурных месцаў, пра якія мы павінны супольна дбаць, аднавіць іх, а можа, нават адбудаваць. Гэта рэчы, якім, на маю думку, у наступныя гады мы павінны прысьвяціць нашу супрацу ў гэтай галіне.

Другая сфэра — гэта эканамічнае супрацоўніцтва, міжрэгіянальнае і трансьмежнае супрацоўніцтва. Відавочна, што мы маем шмат дамоўленасьцяў аб партнэрстве на розных узроўнях мясцовага самакіраваньня, але цалкам гэта не выкарыстоўваем. І гэта шкада.

Апошні візыт маршалка польскага Сэйму Станіслава Карчэўскага і размова са старшынём Савету Рэспублікі Міхаілам Мясьніковічам даюць надзею, што мы запусьцім супольныя форумы рэгіёнаў. Маю надзею, што гэта здарыцца цягам найбліжэйшага году, што такі форум рэгіёнаў будзе арганізаваны і што сапраўды адбудзецца вялікая сустрэча прадстаўнікоў самакіраваньня з абедзьвюх дзяржаў.

У рамках супрацы мясцовых уладаў будзе і культура, і турызм, і адукацыйнае супрацоўніцтва, а перадусім эканоміка. Мяркую, што адукацыя, грамадзкія справы, ахова здароўя, навуковыя дасьледаваньні — гэта чатыры сфэры, якія мы за апошні год інтэнсыфікавалі візытам у Менск міністра аховы здароўя Польшчы Канстанты Радзівіла, падпісаньнем адукацыйнага пагадненьня. Апрача таго, гатова пагадненьне аб сацыяльным забесьпячэньні, і маем надзею неўзабаве яго падпісаць. Гэта важны кампанэнт, пра які мы мала размаўлялі апошнія 25 гадоў, але пра які варта гаварыць.

Відавочна, што ёсьць нямала тэмаў больш уразьлівых і больш складаных, як сытуацыя польскай меншасьці ў Беларусі або гістарычны дыялёг.

Пра гэта мы ўжо вядзем пэўныя размовы, хочам пра гэта гаварыць сур’ёзьней і глыбей. Ёсьць шмат чаго зрабіць, ёсьць выклікі. Але я мяркую, што палітычны працэс, які пачаўся ў мінулым годзе, будзе гэтаму спрыяць.

— На сустрэчы з Эльжбетай Смулковай пажылы чалавек, родныя якога загінулі ад катынскага злачынства, спытаў пра пошук так званага беларускага сьпісу ахвяр Катыні. Ці ёсьць шанцы дамагчыся ў гэтым пытаньні хоць якога прагрэсу?

— Перадусім найважнейшае ў гэтай справе — дыялёг і канал камунікацыі. Гэты дыялёг быў пачаты праз два каналы. Першы — гэта прызначэньне міністрамі замежных спраў старшыняў так званай камісіі гісторыкаў. З польскага боку гэта Славамір Дэмбскі, дырэктар Польскага інстытуту міжнародных спраў, зь беларускага боку — прафэсар Віктар Шадурскі, дэкан факультэту міжнародных адносін БДУ. Гэта першы канал камунікацыі на тэму катынскіх спраў, на тэму ўразьлівых абшараў узаемнай гісторыі. Другі канал — гэта нядаўна арганізаваная Канфэрэнцыя гісторыкаў Польшчы і Беларусі, у якой я нядаўна меў нагоду трошкі паўдзельнічаць. Канфэрэнцыя была арганізаваная амбасадай Польшчы ў Менску, Інстытутам Польшчы і БДУ. Была добрая дыскусія паміж гісторыкамі абедзьвюх дзяржаў на тэму тых сфэраў, якія нязручныя для абодвух бакоў.

Катынская тэматыка застаецца на парадку дня гэтай дыскусіі. Ён насамрэч датычыць трох сфэраў, пра якія мы адназначна гаворым. Гэта архіўная супраца, атрыманьне доступу да архіўных матэрыялаў; магчымыя эксгумацыйныя працы; і, нарэшце, ушанаваньне памяці ахвяраў. Мы гэтак жа працавалі з расейскім бокам адносна двух мэмарыялаў ахвяр Катынскага злачынства, гэтак жа мы працавалі з Украінай, дзе нядаўна быў адкрыты чацьвёртыя катынскія могілкі ў Быкоўні пад Кіевам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG