Пуцін: Расея заўсёды жыла пад санкцыямі, як толькі пачынала ўставаць з кален

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін праводзіць так званую прамую лінію, падчас якой адказвае на пытаньні грамадзян.

Трансьляцыю мерапрыемства вядуць расейскія дзяржаўныя тэлеканалы. Гэта ўжо 15-я па ліку прамая Пуціна, у мінулым годзе яна доўжылася амаль 4 гадзіны. Прапануем вам у скароце асноўныя заявы Пуціна.

Пра цытаваньне прэзыдэнтам Украіны Парашэнкам верша Лермантава «Прощай, немытая Россия...»

Пуцін пахваліў прэзыдэнта Ўкраіны за веданьне расейскай клясыкі. У адказ працытаваў радкі зь верша Тараса Шаўчэнкі «І мёртвым і жывым» «Доборолась Україна до самого краю. Гірше ляха свої діти Її розпинають».

Пуцін выказаў меркаваньне, што цытатай зь Лермантава ў дзень пачатку бязьвізу з ЭЗ Парашэнка «хацеў паказаць сваім выбарнікам, што ён выконвае дадзеныя абяцаньні, вядзе краіну ў Эўропу».

Your browser doesn’t support HTML5

Як Пуцін адрэагаваў на верш «Прощай, немытая Россия», прачытаны Парашэнкам

Прэзыдэнт Расеі дадаў: «Дарэчы, „блакітных... мундзіраў“ там, куды ён зьбіраецца, больш, чым у нас. Хай глядзіць па баках. Мы супраць гэтых хлопцаў нічога ня маем».

Ён таксама сказаў на адрас прэзыдэнта Ўкраіны, што «калі хто-небудзь хоча быць эўрапейцам, рахункі спачатку хай свае зачыніць у афшорнай зоне, а потым кажа пра дабрабыт народу».

Пра стаўленьне да ЗША

Пуцін заявіў, што Расея ня лічыць Амэрыку сваім ворагам, што ў Расеі шмат сяброў у ЗША і што «у Расеі вельмі шмат людзей, якія з вялікай павагай ставяцца да дасягненьняў амэрыканскага народу».

Паводле яго РФ і ЗША могуць дамаўляцца і разам працаваць. Ён выказаў спадзеў на канструктыўную ролю ЗША ва ўрэгуляваньні крызісу ва Ўкраіне. Ён адзначыў, што назіраецца абвастрэньне ўнутрыпалітычнай барацьбы ў ЗША.

Ён пракамэнтаваў выступ на слуханьнях у Сэнаце былога дырэктара ФБР Джэймса Комі. Паводле Пуціна, Комі «заявіў, што ўмяшаньне Расеі было, але не прывёў доказы». Прэзыдэнт Расеі сказаў, што былы дырэктар ФБР робіцца падобным на Эдварда Сноўдэна і паабяцаў Комі ў выпадку патрэбы даць прытулак у Расеі.

Пра заходнія санкцыі

Прэзыдэнт Расеі выказаў меркаваньне, што на Расеі больш адбіліся ня санкцыі, а сусьветная каньюнктура.

Ён убачыў пэўны пазытыў у санкцыях, паводле яго расейцам «давялося ўключыць мазгі», але выказаўся за скасаваньне абмежаваньняў.

Your browser doesn’t support HTML5

Пуцін упэўнены, што Расея выжыве пад санкцыямі

Ён нагадаў, што ўрад РФ працягнуў контрсанкцыі адносна харчаваньня з ЗША і краінаў Эўразьвязу, і падкрэсьліў, што калі Захад здыме санкцыі, то і Расея павіная будзе зрабіць тое самае па правілах СГА.

Пуцін заявіў, што «Расея заўсёды жыла пад санкцыямі, як толькі пачынала ўставаць з каленяў», прычым патлумачыў, што мае на ўвазе ня толькі постсавецкую гісторыю, але нават і дарэвалюцыйныя часы. «Не было б Крыму — прыдумалі б нешта яшчэ для стрымліваньня Расеі» — сказаў прэзыдэнт Расеі.