Беларускі сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч прэзэнтаваў кліп на песьню «Калі заўтра роўна ў шэсьць» чэскага барда Яраміра Ногавіцы, перакладзеную на беларускую мову Віталём Воранавым і выдадзеную на альбоме «Камэта». Анімацыйны кліп стварыў рэжысэр Сяргей Кастрыцкі.
«Кліп гэты — мультыплікат у чыстым выглядзе, — распавядае Вайцюшкевіч парталу Tuzin.fm. — Ягоная ідэя — паказаць тую частку гісторыі, пра якую мала гавораць. Пра гісторыю Першай усясьветнай і пра беларусаў, якія ваявалі за імпэрыю, такі быў час. Памяці нашых землякоў і прысьвячаецца гэтая праца.
Мы абсалютна неабароненыя перад вайною ў наш час. Вайна зноў прыйшла, яна зусім побач, ва Ўкраіне. І яна пагражае небясьпекаю ў тым ліку і беларусам».
Наступны кліп Вайцюшкевіча задумваецца як «шпіёнскі». Хоць музыка і не пагадзіўся ва ўсім з аўтарам відэа, яны прадоўжаць супрацу.
У лютым Вайцюшкевіч выдаў супольна з паэтам Уладзімерам Някляевым «справаздачу за 10 гадоў» — альбом песень на словы паэта. У траўні Вайцюшкевіч прэзэнтаваў праграму на вершы Генадзя Бураўкіна, а таксама выдаў кнігу падарожных нататак «Простыя словы».
Вайцюшкевіч лічыцца адным з музыкаў, запісаных уладамі ў нефармальныя «чорныя сьпісы»: канцэрты сьпевака то дазваляюць, то забараняюць, то «неафіцыйна папярэджваюць» арганізатараў.