Статкевіч: «Беларускіх апазыцыйных палітыкаў крыху разбэсьцілі незалежныя журналісты»

Мікола Статкевіч

Сёньня ў Расеі праходзяць масавыя акцыі пратэсту. Якім расейскім досьведам варта карыстацца беларускай апазыцыі — відэаблогінг, актыўнае выкарыстаньне Youtube і сацыяльных сетак, барацьба з карупцыяй? Чым падобныя і чым адрозьніваюцца ўмовы апазыцыйнай палітычнай барацьбы ў Беларусі і Расеі? На гэтыя пытаньні адказвае Мікола Статкевіч.

— Што з расейскага досьведу палітычнай барацьбы можа быць карысным і прымальным для беларускай апазыцыі?

— Усе дыктатуры ўмацоўваюцца аднолькава. Мы першыя гэта прайшлі, і расейская ўлада выкарыстоўвае досьвед беларускага рэжыму. У сваю чаргу, расейская апазыцыя выкарыстоўвае досьвед барацьбы беларускіх дэмакратычных сілаў. Бо нашы вулічныя акцыі яшчэ ў 90-я сталі прыкладам для расейскіх дэмакратычных сілаў, для ўкраінскіх патрыятычных сілаў.

Сытуацыя падобная, але не зусім. У Расеі іншае выбарчае заканадаўства, ступень эканамічнай свабоды непараўнальна большая. Там лічаць галасы на выбарах, там фальсыфікуюць бюлетэнямі, а не пратаколамі, як у нас. У іх іншая праблема — вялікая папулярнасьць легітымнага прэзыдэнта, выбары якога прызнаныя ўсім сьветам.

Што тычыцца выкарыстаньня Інтэрнэту, то ў маштабах Расеі, калі лістовачная кампанія каштуе вялікіх грошай — цяпер гэта, безумоўна, аўтарытэтны спосаб для расейскіх альтэрнатыўных палітыкаў. Мы таксама гэта выкарыстоўваем.

— Так, зусім нядаўна вы пачалі пісаць свае відэазвароты праз Youtube. Але чаму за столькі гадоў існаваньня інтэрнэту, калі ён ахапіў ужо большасьць насельніцтва краіны, толькі цяпер беларускія палітыкі прыходзяць да гэтага? І як вы думаеце пашыраць гэтую пляцоўку?

— Я зь вядомых прычын прапусьціў пяць гадоў. За апошнія два гады пасьля вызваленьня я асвоіў тры сацыяльныя сеткі. Але нас, апазыцыйных палітыкаў, крыху разбэсьцілі вы, незалежныя журналісты. «Белсат» здымае добрыя відэа, і вы, Радыё Свабода, здымаеце відэа. Так што дзякуючы вашай мужнай, самаадданай і неабходнай працы мы, палітыкі, крыху расслабіліся.

Але мы разумеем, што не пра ўсё можна сказаць, нават у дэмакратычнай прэсе. Адразу ідзе ціск на журналістаў, якія знаходзяцца тут, у Беларусі. Таму, каб вывесьці іх з-пад удару і сказаць тое, што ты хочаш сказаць, — варта ўжываць незалежныя каналы распаўсюджваньня інфармацыі. Цяпер сытуацыя проста сасьпела, у мяне ўжо патрабавалі гэта шмат разоў, узьнік попыт грамадзтва, і я адказваю на яго.

Вядома, варта ўлічыць досьвед Расеі, тых, хто працуе ў гэтай сфэры больш актыўна за нас. Але трэба разумець адну розьніцу. Я ўжо казаў пра большую свабоду для бізнэсу ў Расеі. Яны маюць магчымасьць здымаць вялікія фільмы, бо маюць на гэта сродкі. Мне ж дастаткова штатыву і смартфона. У Навальнага працуе вялікая каманда. Калі арыштоўвалі Мальцава, таксама папулярнага палітычнага блогера — дык там шмат людзей разам зь ім затрымалі, якія на яго працавалі.

І яшчэ наконт досьведу. Мне спадабалася, што Навальны вельмі хутка адгукнуўся на маю прапанову ладзіць пратэставыя акцыі на афіцыйныя сьвяты (у нас на 3 ліпеня) і прызначыў сваю акцыю на афіцыйнае сьвята ў Расеі — 12 чэрвеня. Яшчэ раз скажу — дыктатары вучацца адзін у аднаго. І мы павінны таксама выкарыстоўваць супольны досьвед у барацьбе за свабоду і дэмакратыю.