Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея: Навальны перанёс акцыю пратэсту 12 чэрвеня ў цэнтар Масквы


Аляксей Навальны

Расейскі апазыцыйны лідэр Аляксей Навальны заклікаў пратэстоўцаў перанесьці заплянаваны на 12 чэрвеня антыкарупцыйны мітынг у цэнтар Масквы. Пра гэта ён абвясьціў позна ўвечары 11 чэрвеня, менш чым за суткі да акцый пратэсту ў расейскай сталіцы і па ўсёй краіне.

«Мы недаацанілі, наколькі шчыльна цяпер улада можа ціснуць», — напісаў у нядзелю ў сваім блогу Аляксей Навальны. Ён паведаміў, што ўзгоднены з уладамі мітынг на праспэкце Сахарава ў Маскве можа не адбыцца, а таму пратэст пяройдзе на цэнтральную Цьвярскую вуліцу, якая вядзе да Крамля.

Прычынай пераносу, паводле Навальнага, стала адмова маскоўскіх падрадчыкаў, якія маглі б даць гукавую апаратуру і ўстанавіць сцэну для мітынгу, заключаць дамовы з узначаленым Навальным Фондам барацьбы з карупцыяй.

Раней расейскія ўлады адмовілі Навальнаму ў праве выкарыстоўваць гукаўзмацняльную апаратуру і відэаэкраны на мітынгу.

У маскоўскай мэрыі перанос акцыі назвалі «правакацыяй». Арганізатары новага мітынгу супраць рэнавацыі, якія зьбіраліся выйсьці разам з прыхільнікамі Навальнага на праспэкт Сахарава, па-ранейшаму маюць намер правесьці сваю акцыю там. Рух «Адкрытая Расея», які падтрымаў плянаваную на 12 чэрвеня акцыю, усьлед за Навальным заклікаў сваіх прыхільнікаў выйсьці ў гэты дзень на Цьвярскую вуліцу.

Сёньня акцыі, як сказаў сам Навальны, будуць праходзіць у больш як 200 гарадах Расеі супраць, як ён выказаўся, «сыстэмы карупцыі і кумаўства, якую ўзначальвае Пуцін».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG