Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі першыя затрыманьні ў рамках акцыі Навальнага супраць карупцыі


Аляксей Навальны (у цэнтры), архіўнае фота

Па ўсёй Расеі ўжо распачаліся і рыхтуюцца акцыі пратэсту супраць карупцыі, ініцыяваныя адным зь лідэраў апазыцыі Аляксеем Навальным. Сёньня там выходны дзень, адзначаецца дзяржаўнае сьвята — Дзень Расеі.

Акцыі пратэсту заплянаваныя больш як у 200 гарадах; першымі на вуліцы выйшлі жыхары Далёкага Ўсходу. Там жа правааабаронцы зафіксавалі і першыя затрыманьні. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт Аляксея Навальнага.

Так, у цэнтры Ўладзівастоку паліцыя затрымала некалькі актывістаў, у тым ліку дэпутата гарадзкой думы Юрыя Кучына. Аднаго з удзельнікаў аблілі зялёнкай, пакуль ён вёў жывую трансьляцыю мітынгу ў сацыяльных сетках.

Здарыліся затрыманьні і на акцыі ў Благавешчанску. Першым скруцілі актывіста, якія трымаў плякат «Расея без карупцыі». Таксама масавыя акцыі супраць карупцыі прайшлі ў Петрапаўлаўску-Камчацку, Паўднёва-Сахалінску, Магадане, Камсамольску-на-Амуры, Хабараўску, Барнауле.

У Казані гарадзкія ўлады дазволілі акцыю а 7-й раніцы на ўскраіне гораду. Як паведаміла Эльвіра Дзьмітрыева, каардынатарка рэгіянальнага штабу Навальнага, у ёй бяруць удзел паўтысячы чалавек.

Напярэдадні Аляксей Навальны заявіў, што ўзгоднены з мэрыяй мітынг на праспэкце Сахарава ня можа адбыцца праз тое, што ўлады забаранілі выкарыстоўваць гукаўзмацняльную апаратуру і відэаэкраны. Таму напярэдадні ён заклікаў сваіх прыхільнікаў выйсьці а 14-й гадзіне на мірную акцыю ў цэнтры Масквы на Цьвярской вуліцы. Маскоўская мэрыя назвала перанос незаконным і паабяцала жорстка рэагаваць на правапарушэньні. У гэты ж час адбудуцца выступы апазыцыі ў Санкт-Пецярбургу.

«Ну ня хоча стары Пуцін, каб прайшлі нармальныя мітынгі ў двух найбуйнейшых гарадах — Маскве і Піцеры, — заявіў Аляксей Навальны. — Разумеем, чаму ня хоча. Ён злодзей, і яму непрыемныя гучныя лёзунгі супраць зладзеяў. Разумеем, але ад лёзунгаў сваіх не адмовімся. Таму Масква — 14.00, Цьвярская вуліца. Санкт-Пецярбург — 14.00, Марсава поле. Нічога ня трэба баяцца. Закон, права, праўда і здаровы сэнс на нашым баку».

Наўпроставую трансьляцыю зь мітынгаў і шэсьцяў у найбуйнейшых гарадах Расеі будзе весьці расейская служба Радыё Свабода.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG