Андрэй Бандарэнка патрабуе праз суд прызнаць права на сплату нанесенай яму шкоды

Андрэй Бандарэнка

18 траўня Ленінскі суд Магілёва разгледзіць заяву праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, які патрабуе пакрыцьця маральнай, маёмаснай і фізычнай шкоды, нанесенай яму «незаконнымі дзеяньнямі дзяржорганаў, якія фальсыфікавалі крымінальную справу паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь».

Андрэй Бандарэнка апавёў карэспандэнту Свабоды:

«Працэдура пакрыцьця шкоды палягае ў наступным. Калі мяне апраўдалі па 411-м артыкуле, я падаю спачатку заяву аб прызнаньні за мной такога права. У прынцыпе гэта фармальнасьць, яны прызнаюць за мной гэта права. Пасьля гэтага я буду ўжо накіроўваць скаргі ў той жа суд, але ўжо не да Ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці і турмы № 4, а да казны. Паколькі плаціць будзе казна. У далейшым казна мае права выставіць рэгрэсны пазоў, то бок запатрабаваць назад гэтыя грошы ад асобы, якая нанесла гэтую шкоду, за якую казна расплацілася».

Андрэй Бандарэнка згадаў, што калі яго апраўдалі ў 2011 годзе, казна выплаціла яму нанесеную шкоду.

«Першы раз, калі мяне апраўдалі ў 2011 годзе, калі я быў прызнаны невінаватым, мы гэтак жа сама пакрывалі маральную і матэрыяльную шкоду. І казна выплаціла на той час больш за 200 мільёнаў рублёў. Цяпер гэта ў другі раз. Ці было гэта зь некім, хто быў апраўданы па 411-м артыкуле, мне невядома. Але адвакаты кажуць, што гэта ўпершыню ў гісторыі Беларусі».

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка лічыць, што мае шанцы выйграць справу. Ён кажа, што маёмасная шкода, напрыклад, за аплату адвакатаў, бясспрэчная:

«А вось маральную шкоду яны аплацяць, проста пытаньне, у якім абʼёме. Бо ў нас паняцьце „маральная шкода“ нідзе ня вызначана і мы павінны проста гэта даказваць. Пасьля таго як за мной прызнаюць права на пакрыцьцё шкоды, у наступных скаргах мы будзем ужо ўказваць канкрэтныя сумы».

«Але больш за любую кампэнсацыю мне хацелася б убачыць на лаве падсудных нахабна-задаволеныя твары супрацоўнікаў ВУ „Турма № 4“. Гэта стала б для мяне самай каштоўнай кампэнсацыяй і поўнай рэабілітацыяй», — напісаў Андрэй Бандарэнка ў фэйсбуку.