Блогерка Вольга Жураўская, пра зьнікненьне якой казалі сябры, апублікавала відэазварот

Вольга Жураўская ў судзе ў сакавіку 2017 году

Вольга Жураўская падзякавала ўсім за клопат пра яе, і сказала, што нікуды не зьнікала. А проста гасьцявала на вёсцы ў сваякоў. Там не было інтэрнэту, і таму, маўляў, яна не змагла раней выйсьці на сувязь.

Інтэрнэту, паводле словаў Жураўскай. У яе няма і зараз. Таму не зразумела, якім чынам відэазварот трапіў на яе старонку ў Фэйсбуку, якую яна вядзе пад псэўданімам «Елена Смирнова». Відэазварот Вольгі Жураўскай з тлумачэньнямі пра тое, што яе акаўнт ў Фэйсбуку быў узламаны, знаёмыя лічаць «дзіўным». Аднак яна кажа, што зь ёй усе ў парадку, дзякуе ўсім, хто непакоіўся, і абяцае завесьці ў сацыяльных сетках новыя старонкі, калі ня зможа аднавіць доступ да страчаных.

За той час, пакуль у Вольгі Жураўскай, як яна гаворыць, не было інтэрнэту, на яе старонцы ў Фэйсбуку зьявілася некалькі паведамленьняў правакацыйнага зьместу. У прыватнасьці пра тое, што 9 траўня на плошчы Перамогі ў Віцебску будуць закладзеныя дзьве бомбы, і што гэта — ініцыятыва аднаго зь віцебскіх супрацоўнікаў міліцыі.

Нагадаем, пра зьнікненьне віцебскай блогеркі Вольгі Жураўскай паведаміла актывістка Вольга Карач. Знаёмыя і незнаёмыя людзі сталі прапаноўваць варыянты, як найхутчэй знайсьці чалавека, тэлефанавалі па міліцэйскіх пастарунках ды ізалятарах часовага ўтрыманьня, хадзілі да яе дадому, тэлефанавалі і дасылалі паведамленьні. Амаль двое сутак па інтэрнэце хадзіла вэрсія, пра тое, што Жураўскай маглі адпомсьціць за разьмяшчэньне відэаролікаў пра парушэньні грамадзянскіх правоў супрацоўнікамі міліцыі. Пагатоў, і сама Вольга неаднаразова скардзілася, што міліцыянты яе перасьледуюць і ўвесь час за ёй сочаць.

Блогерка паведаміла, што яна вярнулася ў Віцебск, аднак незразумела, чаму яна дагэтуль не адказвае на тэлефанаваньні і смс-паведамленьні, а таксама не рэагуе на званкі ў дамафон, хаця ў вокнах яе кватэры гарыць сьвятло.