Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другія суткі не выходзіць на сувязь віцебская блогерка Вольга Жураўская


Вольга Жураўская, архіўнае фота

Сябры лічаць, што зь ёй магло здарыцца нешта нядобрае і што яе акаўнт у Фэйсбуку ўзламаны, бо з 8 траўня там разьмяшчаюцца зьвесткі правакацыйнага характару.

Тэлефон Вольгі Жураўскай не адказвае, хоць ён знаходзіцца ў сетцы, прымае тэлефанаваньні і смс.

Актывістка Вольга Карач паведаміла Свабодзе, што Жураўская мелася зь ёй зьвязацца праз сацыяльныя сеткі, але кантакт не адбыўся:

«Яна мне паведаміла, што ў яе ёсьць нейкія важныя зьвесткі, публікацыю якіх мы павінны абмеркаваць. Але ў прызначаны час на сувязь ня выйшла. Раней яна неаднаразова скардзілася, што заўважае звышпільную ўвагу з боку міліцыі, што за ёй сочаць».

Уночы з 7 на 8 траўня на старонцы Вольгі Жураўскай у фэйсбуку, якую яна вядзе пад псэўданімам «Елена Смирнова» зьявілася паведамленьне пра тое, што 9 траўня на плошчы Перамогі ў Віцебску будуць закладзеныя дзьве бомбы. Сябры Вольгі Жураўскай упэўненыя, што акаўнт быў узламаны і што гэтыя паведамленьні разьмяшчала не яна. Знаёмыя ня раз спрабавалі зьвязацца з блогеркай праз сацыяльныя сеткі, але безвынікова.

Зьнікненьне Вольгі хвалюе сяброў яшчэ й таму, што яна маці двух малых дзяцей — у яе сын і дачка 6 і 9 гадоў. Суседзі спадарыні Жураўскай кажуць, што нічога надзвычайнага не заўважалі і што раніцай, як звычайна, чулі зь яе кватэры дзіцячыя галасы.

Сама блогерка сваёй прысутнасьці ў інтэрнэт-прасторы аніяк не праяўляе. Не адказвае і на прыватныя паведамленьні ў сацыяльных сетках, хоць яна актыўная інтэрнэт-карыстальніца. Яна заснавала канал «Снимать разрешено», дзе разьмяшчае свае відэаролікі. Раней у іх пераважна выкрывала парушэньні ў крамах — накшталт пратэрмінаваных прадуктаў, парушэньня санітарных нормаў і гэтак далей. Адзін з ролікаў быў прысьвечаны падзеям падчас сьвяткаваньня Дня Волі ў Віцебску. Пасьля таго як ён зьявіўся ў інтэрнэце, Вольгу Жураўскую аштрафавалі на 345 рублёў нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Апошнія ролікі Вольгі Жураўскай былі пра тое, як віцебскія міліцыянты парушаюць правы шараговых грамадзян. І гэта таксама стала для сяброў Вольгі падставай для хваляваньня: яны непакояцца, што маглі знайсьціся ахвотныя ёй адпомсьціць.

У міліцыі кажуць, што Вольгу Жураўскую апошнімі днямі не затрымлівалі. Звароты ў ізалятар часовага ўтрыманьня і ў Бюро няшчасных выпадкаў таксама ніякай інфармацыі пра яе не дадалі: там цьвердзяць, што ў гэтых установах чалавека з такім імем няма і не было.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG