Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскую блогерку аштрафавалі на 345 рублёў за акцыю 25 сакавіка


Вользе Жураўскай так і не ўдалося пераканаць судзьдзю, што яна ня брала ўдзелу ў акцыі, а толькі здымала відэа для свайго каналу. Суд пастанавіў пакараць блогерку штрафам у памеры 15 базавых велічынь.

Папулярная віцебская блогерка мае канал «Снимать разрешено», дзе разьмяшчае свае відэаролікі. У асноўным яны прысьвечаны выкрыцьцю парушэньняў у крамах — накшталт пратэрмінаваных прадуктаў, парушэньня санітарных нормаў і гэтак далей. Пад псэўданімам Алена Сьмірнова блогерка распаўсюджвае свае відэаназіраньні і па сацыяльных сетках.

Апошні ж відэаролік быў прысьвечаны іншай тэматыцы — падзеям падчас сьвяткаваньня Дня Волі ў Віцебску. У ім відаць і шараговыя віцябляне, якія сабраліся на плошчы Перамогі 25 сакавіка, і супрацоўнікі міліцыі — у форме і ў цывільным. Некаторым зь іх відавочна не падабаецца, што іх здымаюць. Тым ня менш блогерка Вольга Жураўская здымала відэа на працягу амаль усёй акцыі — аж пакуль невялікая калёна ўдзельнікаў не прайшла па вуліцы Леніна да помніка Ўладзімеру Караткевічу.

У Віцебску 25 сакавіка
У Віцебску 25 сакавіка

У той дзень прэтэнзій да Вольгі Жураўскай ніхто не выказваў. Затрымалі яе толькі 27 сакавіка. Гэта адбылося каля Кастрычніцкага райсуду. Яна прыйшла туды падтрымаць тых, каго міліцыя забрала за акцыі.

У двары стаяў мікрааўтобус, на якім прыехалі АМАПаўцы, выкліканыя судовай аховай. Дагэтуль невядома, хто зь міліцэйскага кіраўніцтва аддаў загад затрымаць блогерку, падпільнаваўшы яе па заканчэньні працэсаў.

Вольгу схапілі, зацягнулі ў мікрааўтобус, завезьлі ў РАУС Кастрычніцкага раёну і склалі пратакол за парушэньне часткі 1 артыкула 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

На парушэньні, дапушчаныя міліцыянтамі падчас затрыманьня ў надта грубай форме, яна падала скаргу ў пракуратуру. Але да судовага працэсу атрымаць адказ не ўдалося.

Справу Вольгі Жураўскай разьбіраў судзьдзя райсуду Кастрычніцкага раёну Ўладзімер Царыкаў, які 27 сакавіка ўжо выносіў штрафы іншым затрыманым за сьвяткаваньне Дня Волі. Працэс пачаўся 28-га, а скончыўся 30 сакавіка.

Спадарыні Жураўскай так і не ўдалося пераканаць судзьдзю, што яна ня брала ўдзелу ў акцыі, а толькі здымала відэа для свайго каналу. Суд пастанавіў пакараць блогерку штрафам у памеры 15 базавых велічынь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG