Крычаўскім міліцыянтам прыгразілі крымінальнай адказнасьцю

Магілёўскае абласное ўпраўленьне ўнутраных спраў паведаміла аб правядзеньні дадатковай праверкі інфармацыі, якую распаўсюдзілі «дэструктыўныя рэсурсы».

«Ініцыятарамі яе распаўсюду» сталі начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Крычаўскага РАУС падпалкоўнік міліцыі Ігар Вусік, участковы інспэктар міліцыі РАУС лейтэнант міліцыі Андрэй Шашкоў і былы супрацоўнік Юры Дзюбанаў, звольнены «за грубае парушэньне службовай дысцыпліны».

«У дадзеных матэрыялах маюць месца факты разьмяшчэньня заведама скажонай, субʼектыўнай інфармацыі, якая ў большасьці сваёй не адпавядае рэчаіснасьці», паведамляе абласное Магілёўскае ўпраўленьне ўнутраных спраў.

Намесьнік начальніка Магілёўскай абласной міліцыі Ўладзімер Рыжанкоў кажа, што ў красавіку 2017 году начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Крычаўскага РАУС, падпалкоўнік міліцыі Ігар Вусік незаконна адпусьціў са службы свайго падначаленага — маёра міліцыі Юрыя Дзюбанава. Хоць Дзюбанаў павінен быў праводзіць прыём грамадзян.

«Ігар Вусік пры адсутнасьці Юрыя Дзюбанава абавязаны быў асабіста замяніць яго на прыёме грамадзян і далажыць начальніку РАУС, чаго не зрабіў, за што атрымаў строгую вымову, — кажа Ўладзімер Рыжанкоў. — Больш за тое, калі кіраўніцтва РАУС стала шукаць Дзюбанава, які незаконна пайшоў са службы, ён зьвярнуўся на прыём да лекара, ужо знаходзячыся ў стане алькагольнага апʼяненьня (1,6 праміле), што пацьвярджаецца аглядам, праведзеным у бальніцы. Як вынік, ён быў звольнены з органаў унутраных спраў за грубае парушэньне службовай дысцыпліны».

Паводле Рыжанкова, падчас праверкі аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Крычаўскага РАУС яго кіраўніку Ігару Вусіку было ўказана на «выяўленыя недахопы, якія не ліквідоўваліся і зь цягам часу набылі сыстэмны характар».

«Аднак належных высноў ён не зрабіў. З прынятымі мерамі Ігар Вусік быў ня згодны. У імкненьні пазьбегнуць адказнасьці і надаць значнасьць сваёй пэрсоне ён стаў ініцыятарам некалькіх калектыўных скаргаў на імя міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь», — кажа Ўладзімер Рыжанкоў.

Па выніках службовай праверкі начальніку Крычаўскага РАУС падпалкоўніку міліцыі Станіславу Чупрыну за парушэньне Правілаў прафэсійнай этыкі супрацоўнікаў АУС абвешчана дысцыплінарнае спагнаньне.

«Разам з тым падчас праверкі, у тым ліку з выкарыстаньнем паліграфа, зьвесткі пра іншыя парушэньні ў дзеяньнях кіраўніцтва Крычаўскага РАУС свайго абʼектыўнага пацьверджаньня не знайшлі. Прадстаўленая супрацоўнікамі Крычаўскага РАУС інфармацыя, якая зьявілася ў інтэрнэце, цяпер вывучаецца паўторна. У выпадку выяўленьня ў ёй прыкмет паклёпу супрацоўнікі, якія распаўсюдзілі яе, могуць быць прыцягнутыя ня толькі да дысцыплінарнай, але і да крымінальнай адказнасьці».

Пад зваротам да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, які ініцыяваў крычаўскі міліцыянт Ігар Вусік, падпісаліся 11 супрацоўнікаў Крычаўскага раённага аддзелу міліцыі.

У лісьце міліцыянты вінавацілі начальніка райаддзелу Станіслава Чупрына і яго намесьніка Васіля Ціханенку ў незаконных дзеяньнях. Скардзіліся, што кіраўніцтва патрабуе дзяліцца прэміямі, неабгрунтавана пераводзіць на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы, зьняважліва паводзіць сябе з падначаленымі.

Канфлікт у аддзеле міліцыі выклікаў у Крычаве шырокі грамадзкі розгалас. Па словах рэдактара газэты «Вольны горад» Сяргея Няроўнага, многія спачуваюць міліцыянтам, якія наважыліся паўстаць супраць начальства.