Першая талака Дашкевіча, Пальчэўскага і іншых абаронцаў Курапатаў пасьля вызваленьня

1 траўня 15 актывістаў «Маладога фронту» праводзяць талаку ў Курапатах.

Маладзёны працуюць з боку старой заслаўскай шашы недалёка ад пасёлку «Сонечны», высякаюць кустоўе, прыбіраюць сьмецьце.

Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч кажа Свабодзе, што пасьля пасьпяховай акцыі абароны Курапатаў у лютым, якая скончылася згортваньнем будаўніцтва офіснага цэнтру, маладафронтаўцы фактычна ўпершыню прыйшлі ў Курапаты.

«Сытуацыя, здаецца, спакойная, хаця праехаў наш знаёмы сіні бусік без нумароў. Прыбіраем з боку старой заслаўскай дарогі, ідзем углыбіню Курапатаў. Тут пяць з шасьці абаронцаў, якія распачыналі абарону Курапатаў, за выключэньнем Зьмітра КрамянецкагаРаман Васільеў, Уладзь Яроменак, Сяргей Пальчэўскі, Арцём Леўчанка і я. Далучылася Наста Гусева і іншыя. Увогуле пасьля абароны Курапатаў гэта першая наша талака, бо мы амаль адразу селі. Цяпер тут працуем. Стараемся хаця бы раз на месяц прыходзіць, прыбраць нейкую частку ўзгоднена зь іншымі абаронцамі, каардынуемся зь кіраўніком Грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Алесам Чахольскім, даведваемся, які участак больш патрабуе працы. Кустоўе расчышчаем, сьмецьце і бутэлькі прыбіраем, бо загаджваюць тут увесь час аматары адпачынкаў на могілках».

Усе шасьцёра маладафронтаўцаў, якія распачалі ў лютым акцыю абароны Курапатаў, былі затрыманыя, іх падазравалі ў падрыхтоўцы да беспарадкаў паводле гэтак званай справы «Белага легіёну». Пазьней Раман Васільеў, Зьміцер Крымянецкі, Арцём Леўчанка, Уладзь Яроменак, Сяргей Пальчэўскі і Зьмецер Дашкевіч былі вызваленыя.