У Мазырскага НПЗ удвая ўпалі чыстыя прыбыткі, у «Беларуськалію» і «Белшыны» — у 5 разоў

Згодна з гадавой справаздачай Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу, больш як 42% якога належаць дзяржаве, чыстыя прыбыткі прадпрыемства зьменшыліся на 53%, піша газэта «Белорусы и рынок». Чысты прыбытак склаў 164,68 млн беларускіх рублёў у 2016 годзе. Пры гэтым выручка ад рэалізацыі прадукцыі вырасла на 8% да 4,5 млрд рублёў, а сабекошт прадукцыі вырас на 16,7%.

Пры гэтым чыстыя прыбыткі «Нафтану» за мінулы год вырасьлі больш як на траціну, але склалі толькі 6,33 млн рублёў пры выручцы ў 4,9 млрд рублёў.

Яшчэ горшая сытуацыя ў «Беларуськалію»: чыстыя прыбыткі склалі ў 2016 годзе толькі 217,2 млн рублёў супраць 1,126 млрд у 2015-м. Выручка ўпала на 20% да 868,4 млн рублёў — цэны на калійныя ўгнаеньні на сусьветным рынку трымаюцца на мінімальным узроўні.

Таксама ў 5 разоў, да 540 тысяч рублёў, упалі чыстыя прыбыткі ў «Белшыны», нягледзячы на рост выручкі на 15% (да 671,35 млн рублёў).

Лепшая сытуацыя ў БелАЗу: чысты прыбытак вырас у 4 разы да 8 млн рублёў, выручка ад прадукцыі вырасла на 22,6% да 846,6 млн рублёў, сабекошт прадукцыі вырас на 22,6%.

Беларускі мэталюргічны завод упершыню зь 2016 году завяршыў год бяз стратаў, але чысты прыбытак склаў усяго 39 тысяч рублёў. Прыбытак ад прадукцыі склаў 28,2 млн рублёў, пры гэтым у БМЗ за мінулы год «улілі» 240 млн даляраў дзяржаўнай падтрымкі, сёлета «ўвальюць» яшчэ каля 16 млн даляраў.