Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БМЗ «увальюць» яшчэ 15,9 млн даляраў


Беларускі мэталюргічны завод, ілюстрацыйнае фота

Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі (PDF), Беларускі мэталюргічны завод атрымае з рэспубліканскага інавацыйнага фонду ледзь ня 30 млн беларускіх рублёў (каля 15,9 млн даляраў) у статутны фонд на «кампэнсацыю выдаткаў», зьвязаных з інвэстыцыйным праектам вытворчасьці дроту.

Грошы, што «ўвальюць» у БМЗ, называюцца «рэштай сродкаў», што засталася ў фондзе на пачатак 2017 году.

Летась БМЗ ужо атрымаў згодна з указам Лукашэнкі (PDF) 240,5 млн даляраў дзяржаўнай падтрымкі, каб разьлічыцца па крэдытах.

Пры гэтым БМЗ застаецца адным з самых стратных дзяржаўных прадпрыемстваў: за 2015 год чыстыя страты былі большымі за 150 млн даляраў; за першы квартал 2016 году БМЗ панёс чыстыя страты на больш як 100 млн даляраў, за другі (апошнія на сёньня зьвесткі) — толькі 8 тысяч даляраў прыбытку.

Эўразьвяз тым часам увёў мыты на імпарт арматуры для бэтону зь Беларусі, каб процістаяць «занадта нізкім цэнам» па выніках антыдэмпінгавага расьсьледаваньня. Урад Беларусі ў адказ палепшыў для БМЗ умовы крэдытаваньня.

Цяпер праблемы для БМЗ могуць пачацца на амэрыканскім рынку: тамтэйшыя мэталюргі падалі позву аб антыдэмпінгавым расьсьледаваньні супраць пастаўшчыкоў з шэрагу краінаў, у тым ліку Беларусі.

БМЗ — 4-е па колькасьці работнікаў прадпрыемства Беларусі. У адрозьненьне ад іншых прамысловых гігантаў, МТЗ, МАЗ ці «Нафтан», яно амаль не скарачала колькасьць супрацоўнікаў за апошні час.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG