10 тэмаў тыдня, якія вы маглі прапусьціць

У падборцы папулярныя і важныя публікацыі «Свабоды» на гэтым тыдні.

Сяргей Чыслаў: «Белы легіён» — гэта не арганізацыя, гэта стан душы. Былы лідэр «Белага легіёну» прыйшоў у студыю Радыё Свабода і адказаў на пытаньні пра арганізацыю, шэраг колішніх сяброў якой цяпер арыштавалі.

Your browser doesn’t support HTML5

«На нас Караткевіч паўплываў»  — Сяргей Чыслаў пра гісторыю «Белага легіёну»

«Стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня» — новае абвінавачаньне ў справе «Белага легіёну». Новы крымінальны артыкул дае магчымасьць больш жорсткага пакараньня: пакараць можна абмежаваньнем волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў.


У Чэхіі знойдзеныя два рукапісы сына Скарыны — Сымона Руса з Полацку. Супрацоўнікі архіву ў паўднёвачэскім горадзе Індржыхуў Градэц на запыт беларускіх гісторыкаў знайшлі ў сваім сховішчы два рукапісныя дакумэнты, датаваныя 1584 і 1590 гадамі. Абодва дакумэнты ўласнаручна падпісаныя сынам Францішка Скарыны Сымонам Русам з Полацку.

Аляксандар Лукашэнка пазьней за іншых кіраўнікоў краін Эўразійскага эканамічнга саюзу падпісаў Мытны кодэкс гэтай арганізацыі. Пра гэта першымі паведамілі расейскія мэдыі, а ў беларускіх дзяржаўных СМІ само падпісаньне не афішавалася «Трубіць у фанфары — ня той выпадак», — кажа палітоляг Аляксандар Класкоўскі пра падпісаньне Лукашэнкам Мытнага кодэксу.

Дэлегацыю Эўрапарлямэнту фактычна не пусьцілі ў Беларусь. «Мы хацелі пабываць у Менску, сустрэцца з прадстаўнікамі выканаўчых уладаў, задаць ім пытаньні пра будаўніцтва Беларускай АЭС, а пазьней, пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі некалькіх няўрадавых арганізацыяў, пабываць на пляцоўцы будаўніцтва АЭС у Астраўцы», — сказаў BNS дэпутат зь Літвы Пятрас Аўштравічус.

Высьветлілася, што беларускі атамны рэактар вырабляе кампанія, якая ніколі раней гэтым не займалася. Афіцыйна вытворца беларускага рэактара — «ВалгадонскАтаммаш» выглядае рэспэктабэльна: найбуйнейшае ў СССР вытворчае аб’яднаньне ў галіне атамнага энэргетычнага машынабудаваньня. Праблема, аднак, у тым, што цяперашні «ВалгадонскАтаммаш» і савецкі маюць мала агульнага. Адзінае, што іх аб’ядноўвае — гэта назва і месца знаходжаньня, сьцьвярджае праграма расьсьледаваньняў «Белсату» «Давайце разьбірацца».

Навошта ў расейскамоўным фільме БТ пра «Белы Легіён» зрэдчас гучаць беларускія словы? Мовазнаўца Вінцук Вячорка задаецца пытаньнем, як стасуецца такі падыход аўтараў з артыкулам Крымінальнага кодэксу пра распальваньне міжнацыянальнай, моўнай і любой іншай сацыяльнай варажнечы.

Your browser doesn’t support HTML5

Саўка пра фільм БТ аб «Белым Легіёне»


Лідэра «Маладога Фронту» Зьмітра Дашкевіча выпусьцілі на волю праз тры тыдні пасьля затрыманьня. Сваё затрыманьне ён называе «анэкдотам». Першапачаткова яму прад’явілі дакумэнт, у якім ён абвінавачваўся ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў з 2011 года. Насамрэч, да 2013 года Дашкевіч быў у зьняволеньні.


«Дывэрсанты» зь беларускай мяжы захапілі літоўскі раён і абвясьцілі «Салечніцкую народную рэспубліку». Мяжу Літвы з боку Беларусі перасеклі ўзброеныя людзі ў цывільным і ў форме без апазнавальных знакаў, захапілі камісарыят у райцэнтры і абвясьцілі аб стварэньні Салечніцкай народнай рэспублікі. Вучэньні з такім сцэнарам аказаліся поўнай нечаканасьцю для паліцыі і спэцслужбаў Літвы.

Вялікдзень у беларускіх турмах: малітвы, фарбаваныя яйкі і думкі пра пакуты Хрыстовыя. Сьвяткаваньне Вялікадня ў беларускай турме — на гэтую тэму Свабода пагутарыла з былымі вязьнямі, сьвятарамі, праваабаронцамі, сваякамі цяперашніх вязьняў.