Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трубіць у фанфары — ня той выпадак», — палітоляг пра падпісаньне Лукашэнкам Мытнага кодэксу


Аляксандар Класкоўскі

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды пракамэнтаваў падпісаньне Аляксандрам Лукашэнкам Мытнага кодэксу Эўразійскага эканамічнга саюзу.

— Чаму пра падпісаньне Мытнага кодэксу першымі напісалі расейскія СМІ, само падпісаньне не афішавалася?

— Тут надта няма чаго афішаваць. Так ці іначай атрымліваецца, што ніякай урачыстасьці ў гэтым няма, і пад пытаньнем вісела гэтае падпісаньне. Таму відавочна, што гэта вынік нейкіх кампрамісаў, нейкіх закулісных манэўраў.

Урачыстае падпісаньне плянавалася ў сьнежні, калі ў Пецярбургу павінны былі сустрэцца ўсе прэзыдэнты. Але Лукашэнка не паляцеў, змазаў урачыстасьць. Ну, а цяпер атрымліваецца ўсё ў працоўным парадку. Таму трубіць у фанфары — ня той выпадак.

— Ці быў аказаны ціск на Лукашэнку, каб ён падпісаў гэты дакумэнт?

— Уся гэтая інтэграцыя вельмі непразрыстая. Падпісана шмат дакумэнтаў, але яны не працуюць, кожны з бакоў трактуе іх па-свойму.

Таму, калі браць фармальны бок, і разгарэлася гэтая нафтагазавая спрэчка, бо афіцыйны Менск казаў, што мы ж падпісалі пагадненьне аб пераходзе на роўнадаходныя цэны ў 2015 годзе. А Масква кажа, што ў нас ёсьць кантракт з «Газпромам» — і гэта закон, які трэба выконваць. Карацей, кожны тыцкаў іншаму пад нос сваю паперу.

Гэты рэжым усё адно будзе трымацца за Маскву, таму будзе гуляць у гэтыя інтэграцыйныя гульні і далей

Папер панападпісвалі шмат. Але з улікам таго, што кожны бок хітруе, і наагул аўтарытарныя правадыры схільныя да прававога нігілізму, атрымліваецца, што ўзьнікаюць канфлікты. Нічога дзіўнага ў гэтым няма.

І мы ня ведаем штораз, што Лукашэнка з Пуціным насамрэч абмяркоўвалі, якія былі негалосныя ўмовы, што, магчыма, саступіў беларускі бок. Магчыма, мы пра гэта даведаемся празь нейкі час.

Цяжка сказаць, ці тут Пуцін наўпрост націснуў на Лукашэнку, ці Лукашэнка, атрымаўшы ад Масквы хай сабе і ня так многа пернікаў, як хацелася, палічыў, што яму трэба зрабіць нейкі крок насустрач. А можа, ён зразумеў, што ня трэба перагульваць, бо можна нарвацца на больш сурʼёзныя непрыемнасьці.

— Якія наступствы для Беларусі будзе мець падпісаньне гэтага Мытнага кодэксу?

— Беларускі народ фактычна не ўплывае на рашэньні кіраўніцтва краіны. А гэты рэжым усё адно будзе трымацца за Маскву, таму будзе гуляць у гэтыя інтэграцыйныя гульні і далей.

Іншая рэч, што на сёньняшні дзень эўразійскі праект сябе не апраўдвае, таму што эканомікі ўсіх гэтых краін у рэцэсіі. У самой Масквы значна паменела рэсурсаў, каб падмасьліваць гэтую інтэграцыю. Таму і далей у агляднай пэрспэктыве гэты праект будзе ісьці як мокрае гарыць.

Нейкія бонусы афіцыйны Менск будзе атрымліваць, і яго падыход будзе ранейшы: больш атрымаць і меней аддаць. Таму і будзе розная трактоўка інтэграцыйных дакумэнтаў, тармажэньне нявыгадных беларускаму боку праектаў, і пэрыядычна будуць успыхваць новыя канфлікты.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG