Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як атрымалася, што беларускі атамны рэактар вырабляе кампанія, якая ніколі раней гэтым не займалася


Самы галоўны кампраміс у справе бясьпекі будаўніцтва Астравецкай АЭС выявіўся ў выбары вытворцы рэактара. Яго вырабляе кампанія, якая дагэтуль рэактараў не рабіла.

Афіцыйна вытворца беларускага рэактара — «ВалгадонскАтаммаш» выглядае рэспэктабэльна: найбуйнейшае ў СССР вытворчае аб’яднаньне ў галіне атамнага энэргетычнага машынабудаваньня. Праблема, аднак, у тым, што цяперашні «ВалгадонскАтаммаш» і савецкі маюць мала агульнага. Адзінае, што іх аб’ядноўвае — гэта назва і месца знаходжаньня, сьцьвярджае праграма расьсьледаваньняў «Белсату» «Давайце разьбірацца».

Завод быў пабудаваны ў 1978 годзе — адмыслова для вытворчасьці ядзернага абсталяваньня. Але ў 90-х завод збанкрутаваў і быў прыватызаваны няпрофільнай прыватнай карпарацыяй Энэргамаш. Новы ўласьнік распрадаў абсталяваньне, а будынак здаў у арэнду розным прадпрыемствам, ніводнае зь якіх ня мела дачыненьня да ядзернай энэргетыкі

Пасьля ліквідацыі «Атаммашу», манапалістам у вытворчасьці ядзернага абсталяваньня ў Расеі засталіся Іжорскія заводы, падкантрольныя бізнэсоўцу Аляксею Мардашову. «Росатам» доўга выношваў пляны наладзіць уласную вытворчасьць ядзернага абсталяваньня, але ня мог знайсьці дастаткова адчайнага кліента, які пагадзіўся б апрабаваць першы самаробны рэактар. Нечакана для ўсіх такім кліентам стала Беларусь.

Пад беларускую замову «Росатам» выкупіў будынак колішняга Валгадонскага «Атаммашу», даў яму ранейшае імя і з нуля стварыў там новую вытворчасьць ядзернага абсталяваньня. Менск узамен атрымаў магчымасьць разьлічвацца за станцыю ў расейскіх рублях, што, з улікам тамтэйшай дэвальвацыі, зрабіла праект істотна таньнейшым.

Як паведамляе на сваім сайце «Атаммаш», корпус рэактара для беларускай АЭС стаў першым, які ён вырабіў за апошнія 30 гадоў. Нягледзячы на тое, што беларусы выклікаліся выпрабаваць надзейнасьць новага вытворцы першымі, іншых кліентаў на свае рэактары «Атаммаш» так пакуль і не знайшоў нават у Расеі, сьцьвярджае Белсат.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG