Белы дом заявіў, што прэзыдэнт Дональд Трамп падпісаў 11 красавіка пагадненьне аб уступленьні Чарнагорыі ў Паўночнаатлянтычны саюз і павіншаваў жыхароў Чарнагорыі зь іх прадэманстраванай прыхільнасьцю да дэмакратычных каштоўнасьцяў NATO.
У мінулым месяцы сэнат Злучаных Штатаў пераважнай большасьцю падтрымаў пашырэньне NATO, каб дазволіць Чарнагорыю стаць 29-м членам альянсу.
Расея, якая рашуча выступае супраць экспансіі NATO, назвала будучае далучэньне Чарнагорыі «правакацыяй».
«Дзьверы для сяброўства ў эўраатлянтычнай супольнасьці нацый застаецца адкрытымі», — заявіў Белы дом, дадаўшы, што краіны Заходніх Балкан «вольныя ў выбары свайго будучага і выбары сваіх партнэраў без умяшаньня звонку або запалохваньня».