Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША заклікаў Сэнат ухваліць заяўку Чарнагорыі аб уступленьні ў NATO


Дзяржаўны сакратар ЗША Рэкс Тылерсан зьвярнуўся да лідэраў амэрыканскага Сэнату ЗША з заклікам ўхваліць заяўку Чарнагорыі аб уступленьні ў NATO, адзначыўшы, што сяброўства гэтай краіны «моцна адпавядае інтарэсам Злучаных Штатаў».

Тылерсан ў лісьце ад 7 сакавіка пісаў, што сяброўства Чарнагорыі ў ваенным альянсе будзе спрыяць большай інтэграцыі, дэмакратычным рэформам, гандлю, бясьпецы і стабільнасьці на Балканах, паведамляе Reuters.

Пярэчаньні ад двух сэнатараў-рэспубліканцаў, Рэнда Пола і Майка Лі, затрымліваюць галасаваньне ў Сэнаце на працягу некалькіх месяцаў. Пол сумняваецца ў тым, што варта выклікаць гнеў Расеі, якая выступае супраць пашырэньня NATO, і пярэчыць супраць выдаткаў на адабрэньне сяброўства ў НАТА для маленькай краіны, якая, паводле яго, ня можа граць значнай ролі ў абароне Злучаных Штатаў.

Чарнагорыя, насельніцтва якой складае 650 000 чалавек, спадзяецца ў хуткім часе атрымаць неабходную згоду ад усіх 28 саюзьнікаў па NATO, каб стаць паўнапраўным чальцом арганізацыі на саміце альянсу ў траўні. Пакуль што ўхвалы атрыманыя ад 24 краін.

Паводле Тылерсана, краіны NATO бачаць ўступленьне Чарнагорыі ў якасьці спосабу процідзейнічаць намаганьням Расеі па пашырэньні свайго ўплыву на Балканах. Дзяржсакратар ЗША заклікаў Сэнат ўхваліць сяброўства Чарнагорыі да травеньскага саміту, які плянуе наведаць прэзыдэнт Дональд Трамп.

«Удзел Чарнагорыі ў майскім саміце NATO ў якасьці паўнапраўнага чальца, а не назіральніка, паслужыць магутным сыгналам трансатлянтычнага адзінства, — напісаў Тылерсан. — Ратыфікацыя сяброўства Чарнагорыі ў NATO моцна моцна адпавядае інтарэсам Злучаных Штатаў».

XS
SM
MD
LG