Зьміцер Бандарэнка адказвае «фраў А.»: «Які рэжым, такі і Гёбэльс»

Зьміцер Бандарэнка, архіўнае фота

Зыходзячы зь лёгікі публікацыі «Советской Белоруссии», справа «Белага легіёну» бярэ пачатак ад ананімнага ліста, нібыта дасланага на адрас Аляксандра Лукашэнкі нейкай «фраў А.». У ім і прагучала папярэджаньне пра «падрыхтоўку дзяржаўнага перавароту».

«Паважаны спадар прэзыдэнт, я фраў А. Хачу паведаміць Вам...

Я даведалася пра падрыхтоўку правакацыяў і заплянаваны пераварот у Беларусі. Як паведаміў спадар ..., гэта адбудзецца 25 сакавіка 2017 году. Заплянаваныя правакацыі могуць адбыцца падчас дэманстрацыяў.

У Польшчы падрыхтавана група выканаўцаў, якія ў гэты час будуць знаходзіцца ў Беларусі. Магчыма, адным з арганізатараў правакацыяў зьяўляецца грамадзянін Бандарэнка, які пражывае ў Польшчы. Спадар Бандарэнка — удзельнік падзеяў сьнежня 2010 году.

Дзеля зьяўленьня ахвяраў заплянаванае выкарыстаньне спэцтэхнікі. Таксама мяркуецца ўдзел падрыхтаваных журналістаў для анлайн-трансьляцыі правакацыяў.

Як лічыць М., гэтыя падзеі ў Беларусі павінны стаць апошнім шанцам для фашысцкага перавароту».

Бандарэнка: «Трызьненьне, якое агідна нават камэнтаваць»

Свабода зьвязалася са Зьмітром Бандарэнкам, каб даведацца ягоную рэакцыю на ананімныя падазрэньні ў арганізацыі «правакацыяў і фашысцкага перавароту»:

— Лукашэнка некалькі дзён таму даў зразумець, што стаў спэцыялістам у інфармацыйных войнах. Дык вось, з улікам гэтага ён ужо ня толькі Гітлер, а і Гёбэльс. У гэтым выпадку выглядае, прабачце, як у брутальным анэкдоце: які рэжым, такі і Гёбэльс. Вынік працы «давыдзек» і «якубовічаў». Але гэта ўсё, на што яны здольныя. Трызьненьне, якое агідна нават камэнтаваць.

— Паводле якой лёгікі, на вашую думку, «фраў А.» выбрала вас на ролю арганізатара?

Мабыць, ведаюць, што нешта робім для Беларусі, як і шмат гадоў дагэтуль рабілі ў краіне. Заўважаюць, што наша каманда зьяўляецца для іх праблемай, нават пагрозай іхнаму існаваньню. І гэта праўда.

— Нават ня ведаю. Не таму, што я лічу сябе нейкай важнай пэрсонай, але заўважце: у сюжэце «Званок сябру», паказаным па БТ, адзін з герояў —украінскі палітоляг Косьць Бандарэнка. Адпаведна, згадвалася і пра мяне. Потым прайшоў сюжэт па АНТ, і там зноў палітоляг з прозьвішчам Бандарэнка, толькі ўжо Алег. Вырашылі сабраць да кучы.

Калі пра нешта разважаць... Мабыць, ведаюць, што нешта робім для Беларусі, як і шмат гадоў дагэтуль рабілі ў краіне. Заўважаюць, што наша каманда зьяўляецца для іх праблемай, нават пагрозай іхнаму існаваньню. І гэта праўда. Тым ня менш мы заўсёды выкарыстоўвалі негвалтоўныя мэтады змаганьня. Адпаведна, будзем змагацца за свабоду Беларусі і далей. На вайне як на вайне, хай сабе і інфармацыйнай.

Зьміцер Бандарэнка — каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь». Быў у камандзе кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году Андрэя Саньнікава. Фігурант справы аб масавых беспарадках, быў асуджаны да 2 гадоў зьняволеньня. Некалькі апошніх гадоў жыве ў Варшаве.