У Менску новы судовы канвэер за сакавіцкія акцыі. Вынікі

У судзе Першамайскага раёну Менску

10 красавіка ў менскіх судах адновяцца адміністрацыйныя працэсы над актывістамі, якія бралі ўдзел ў пратэставых акцыях сакавіка.

У судзе Першамайскага раёну Менску адбудуцца працэсы за абарону ахоўнай зоны Курапатаў над актывістамі Раманам Пратасевічам, Настай Дашкевіч, Вольгай Мікалайчык, Леанідам Кулаковым і старшынём руху «За свабоду» Юрасём Губарэвічам. Судовы канвэер запрацуе зь 10 гадзінаў раніцы.

А 12-й гадзіне ў судзе Савецкага раёну мае адбыцца суд над актывістам «Маладога фронту» Раманам Васільевым. Яго маюць абвінаваціць ва ўдзеле ў адной з акцыяў у абарону Курапатаў, але за якую канкрэтна, ён пакуль ня ведае. Васільеў каля 10 сутак адбыў у менскім сьледчым ізалятары нумар 1, што на вуліцы Валадарскага, як падазраваны ў справе «Белага легіёну». Абвінавачаньне яму так і не было выстаўленае

На 10 красавіка заплянаваны суд над праваабаронцай Тацянай Равякай. Кіраўніцу «Дома правоў чалавека» прыцягваюць да адказнасьці ў судзе Цэнтральнага раёну за падзеі ў Дзень Волі 25 сакавіка. Тады ў офісе «Вясны» было затрымана каля 40 праваабаронцаў і журналістаў, якія зьбіраліся назіраць за акцыяй у гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Суд над Тацянай Равякай пачнецца а 10.30.

Лідэра Партыі БНФ аштрафавалі на 50 базавых велічынь за Курапаты

11.18 У судзе Першамайскага раёну Менску судзяць Вольгу Мікалайчык

Працэс вядзе судзьдзя Сідарок. Хадайніцтва з боку Вольгі Мікалайчык — весьці працэс на беларускай мове. Судзьдзя адмовіла на падставе «дзьвюхмоўя». Спрэчка наконт здымкаў: чаму памочніку судзьдзі можна весьці відэаздымкі, а ўдзельнікам — нельга?

Вольга Мікалайчык

Мікалайчык абвінавачваецца ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве 24 лютага: пад бел-чырвона-белым сьцягам выступала супраць будаўніцтва бізнэс-цэнтру на вуліцы Мірашнічэнкі.

Вольга кажа, што шмат разоў наведвалася ў Курапаты, але менавіта ў той дзень яе там не было.

11.48 Мікалайчык была «голасам» пратэсту, — сьведка

У справе Вольгі Мікалайчык сьведка Анатоль Чайка, абліцоўшчык «Белрэканструкцыі»:

«Актывісты ўчынялі перашкоды, абражалі будаўнікоў. Мікалайчык была „голасам“ пратэсту — выкрыквала лёзунгі, пагражала».

Вольга Мікалайчык

Вольга Мікалайчык сьцьвярджае, што ўпершыню бачыць сьведку.

Сьведка з боку Мікалайчык — літаратар Анатоль Кудласевіч:

«Вольга — гаспадыня Курапатаў. Яна гатавала блінчыкі, рабіла гарбату. 24-га адпачывала пасьля ночы. У Курапатах яе не было».

230 рублёў штрафу за фота на мітынгу з Рымашэўскім

Праваабаронцу Тацяну Равяку будуць судзіць за «мацюкі»

11.50 У Першамайскім раённым судзе судзяць Рамана Пратасевіча

Раман Пратасевіч (у цэнтры)

Пачынаецца працэс над моладзевым актывістам Раманам Пратасевічам — таксама за Курапаты.

11.56 Суд над зьняволеным Кулаковым перанесены

Леанід Кулакоў

​

Працэс за абарону Курапатаў над Леанідам Кулаковым, які адбывае адміністрацыйны арышт тэрмінам 25 сутак за Дзень Волі, перанесены на 21 красавіка і адбудзецца пасьля яго вызваленьня.

Ніну Багінскую аштрафавалі за пікет ля КДБ на 1050 рублёў

Аштрафавалі Насту Дашкевіч

Наста Дашкевіч

​

Наста Дашкевіч прыйшла сёньня ў суд Першамайскага раёну Менску і са зьдзіўленьнем даведалася, што суд адбыўся безь яе ўдзелу.

У канцылярыі ёй толькі ўручылі пратакол з вэрдыктам — штраф у 15 базавых велічынь (345 рублёў) за ўдзел у «несанкцыянаванай акцыі» у Курапатах. Сярод іншага Наста прынесла ў суд даведку аб тым, што выхоўвае двух няпоўнагадовых дзяцей. Але палёгкі не атрымала:

«150 даляраў адным махам, ні за што. Нават без удзелу „абвінавачанага“. Лёгка ў іх гэта робіцца, — гаворыць Наста. — Казаць пра нейкае правасудзьдзе нават не выпадае».

12.25 Суд над Пратасевічам перанесены

Раман Пратасевіч

​

Разгляд справы Рамана Пратасевіча перанесены на 9.30 у пятніцу 14 красавіка. Ён прынёс даведку ад рэктара, што ў той дзень быў на занятках. Цяпер выклікаюць выкладчыка, над спраўдзіць ягонае алібі.

Абаронцу Курапатаў Рамана Васільева аштрафавалі «па максымуме»

Раман Васільеў

​

Штраф у 50 базавых велічынь, гэта 1050 рублёў, атрымаў у Савецкім раённым судзе Менску актывіст «Маладога фронту» Раман Васільеў.

Пастанову вынес судзьдзя Аляксандар Воўк. Актывіста пакаралі за ўдзел у абароне Курапатаў ад будаўніцтва офіснага цэнтру на вуліцы Мірашнічэнкі.