Пацярпелым ад сутыкненьня цягніка з падмаскоўнай электрычкай абяцаюць выплаціць да 35 тысяч даляраў

У Менску пасажырскі цягнік Масква — Берасьце, у які позна ўвечары 8 красавіка ўрэзалася падмаскоўная электрычка, сустракалі пяць брыгад хуткай дапамогі. На шпіталізацыю пагадзіліся некалькі пасажыраў. Ім аказваецца неабходная дапамога, паведамляе тэлеканал СТВ.

Ахвяр у выніку аварыі ўдалося пазьбегнуць, але дзесяткі чалавек траўмаваныя. У шпіталі застаецца адна грамадзянка Беларусі, паведамляе беларускі тэлеканал.

Як паведаміў начальнік пасажырскай службы ўпраўленьня Беларускай чыгункі Аляксандр Захарэвіч, на момант сутыкненьня ў цягніку знаходзілася 450 пасажыраў, 28-ім была аказана мэдычная дапамога, 13 пасажыраў шпіталізаваныя. Пацярпелі шэсьць беларусаў, зь іх трое былі шпіталізаваны.

Пацярпелым, у залежнасьці ад цяжкасьці атрыманых траўмаў, выплацяць да двух мільёнаў расейскіх рублёў ($35 тысяч у эквіваленце). Такую інфармацыю агучыў прэзыдэнт расейскага Нацыянальнага саюзу страхоўшчыкаў адказнасьці Ігар Юргенс.