Партыя БНФ прапануе Палаце прадстаўнікоў стварыць камісію ў справе гвалту 25 сакавіка

Your browser doesn’t support HTML5

Жорсткія кадры затрыманьняў і зьбіцьця на Дні Волі. Відэа

Партыя БНФ прапанавала дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ініцыяваць стварэньне парлямэнцкай камісіі, каб высьветліць абставіны сакавіцкіх падзеяў.

4 красавіка старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і ягоныя намесьнікі Рыгор Кастусёў, Вольга Лагвіновіч і Алесь Стральцоў перадалі імянныя звароты ў Палату прадстаўнікоў — іх атрымае кожны са 110 дэпутатаў.

У дакумэнце адзначаецца, што сябры партыі, як і многія грамадзяне Беларусі, абураныя аднаўленьнем практыкі масавых затрыманьняў, зьбіваньня і арыштаў удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту. Зьвяртаецца ўвага і на абуральныя факты рэпрэсіяў супраць беларускіх і замежных журналістаў.

Прадстаўнікі БНФ прапануюць дэпутатам стварыць парлямэнцкую камісію, каб высьветліць акалічнасьці так званай «справы баевікоў», а таксама масавых затрыманьняў і гвалту над удзельнікамі мірных акцыяў 15 і 25 сакавіка ў сталіцы, а таксама «маршаў недармаедаў» у розных гарадах гэтай вясной.

Пасьля перадачы звароту ў Палату прадстаўнікоў Рыгор Кастусёў расказаў Свабодзе:

Рыгор Кастусёў (справа) і старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, архіўнае фота

«У аддзел дакумэнтазвароту перададзена 110 пэрсанальных зваротаў, адрасна для кожнага дэпутата. Натуральна, хацелася б, каб адбылося тое, пра што мы, уласна кажучы, і напісалі. Мы патрабуем стварэньня камісіі ў справе расьсьледаваньня падзеяў 25 сакавіка ў Менску і іншых дзён у рэгіёнах, правядзеньня слуханьняў, а па іх выніках — канкрэтных высноў.

Так, спадзяваньні абмежаваныя, але хоць такім чынам хочам зьвярнуць увагу ўладаў, асабліва ў пэрыяд, калі сілавікі сьцьвярджаюць, што супрацоўнікі міліцыі нават не даставалі сваіх дубінак. Гэта пры тым, што ёсьць і відэазапісы, і фотаздымкі, якія сьведчаць: супраць грамадзянаў, якія выйшлі на вуліцу, была ўжытая сіла. Людзі жорстка зьбітыя, затрыманыя, асуджаныя. На наша перакананьне, гэта зьдзек з народу, злачынства, а злачынства павінна быць пакаранае. Цягам месяца на наш зварот павінны адрэагаваць і даць адказ».

Актывісты Партыі БНФ перакананыя: тыя, хто прымаў палітычныя рашэньні, рыхтаваў і выконваў загады дзеля раскруткі палітычна матываванай крымінальнай справы «аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў», аб забароне мірнай дэманстрацыі ў Дзень Волі, масавых арыштах удзельнікаў акцыяў 25 і 26 сакавіка, а таксама тыя, хто ажыцьцяўляе прапагандысцкую падтрымку гэтых дзеяньняў, працуюць на міжнародную ізаляцыю беларускай дзяржавы, наносячы шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі.