Такое ўражаньне, што ва ўладаў «вясновае абвастрэньне», — Валер Костка аб тэлесюжэтах пра «баевікоў»

Валер Костка

У вечаровым эфіры адразу па некалькіх дзяржаўных тэлеканалах — БТ, АНТ і СТБ — паказалі вельмі падобныя сюжэты аб прадухіленьне масавых беспарадкаў, з аднымі і тымі ж «апэратыўнымі здымкамі». Прычым сюжэты паўтараліся ва ўсіх выпусках навінаў — за вечар каля дзясятка разоў.

Нібыта ў раёне вёскі Церабейнае Стаўпецкага раёну знойдзены «схрон» са зброяй і боепрыпасамі, якія быццам бы належалі арганізацыі «Белы легіён». Паказалі шэсьць гранатаў зялёнага колеру, дубінкі, кідальныя нажы і сякеры, арматуру, распавядалі пра аўтамат Калашнікава без заводзкіх нумароў. А нібыта затрыманы мужчына ў акулярах расказаў, што гэта ўсё — «для таго, каб адбівацца ад праваахоўных органаў у выпадку масавых беспарадкаў».

Былы супрацоўнік КДБ, падпалкоўнік у адстаўцы Валер Костка пракамэнтаваў Свабодзе ўбачанае:

«Складваецца такое ўражаньне, што ва ўладаў нейкае „вясновае абвастрэньне“. Знайшлі штосьці ў лесе і абвінавацілі канкрэтных людзей у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Чалавека можна абвінаваціць, калі даказана ўсё ў судзе. Безумоўна, усё гэта непрафэсійна. Гэта спроба нагнятаць абстаноўку і палохаць насельніцтва.

„Белага легіёну“ ўжо больш за 15 гадоў няма. Ёсьць нейкія людзі, якія яшчэ ў 1990-х уваходзілі ў арганізацыю, але цяпер яны займаюцца іншымі справамі. Але і „Белы легіён“ у свой час нічым адметным не адзначыўся — не было ніякіх экстрэмісцкіх дзеяньняў зь яго боку. Была нейкая патрыятычная арганізацыя, якая праводзіла пачатковую вайсковую падрыхтоўку, зьбірала патрыятычныя сілы. І гэта была маленькая структура ў Менску, не было філіяў і падразьдзяленьняў у рэгіёнах. Быў Сяржук Чыслаў і яшчэ некалькі чалавек. Яго даўно ўжо няма ў Беларусі, ён недзе ці то ў Тыбэце, ці то ва Ўкраіне. Няма ні лідэра, ні структуры. Сюды ж прыплялі ўзорна-паказальны клюб „Патрыёт“, які існаваў пры райана... Адраджэньне „Белага легіёну“ — гэта з той самай бязглуздай сэрыі, што і пацукі, якімі палохаў 10 гадоў таму тагачасны старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка. Такая ж дурнота. Робіцца ўсё хутка, таму і прымітыўна.

А „арсэнал“, які паказалі — арматуру і сякеры, што зьбіраюцца для таго, каб весьці „бой ва ўмовах гораду“ — дык гэта зусім сьмешна. Дасталі аўтамат Калашнікава нібыта наагул без заводзкага нумару — дык зразумела, што ён несапраўдны.

Начыталіся дрэнных кніг кшталту Чаргінца ці Багамолава „У жніўні 44-га“. У кагосьці фантазія разгулялася, прыдумалі бязглузьдзіцу. Каго гэтым можна напалохаць, акрамя Лукашэнкі? Нікога. Народ жа наш не дурны».