Хасан Закаеў атрымаў 19 гадоў у справе аб тэракце на Дуброўцы

Захоплены тэрарыстамі тэатральны цэнтар на Дуброўцы

Маскоўскі акруговы вайсковы суд 21 сакавіка прысудзіў Хасана Закаева, які абвінавачваецца ў датычнасьці да тэракту ў тэатральным цэнтры на Дуброўцы ў Маскве, да 19 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі строгага рэжыму. Пра гэта паведамляе з залі суду карэспандэнт Радыё Свабода.

Суд таксама абавязаў абвінавачанага задаволіць шэраг грамадзянскіх пазоваў пацярпелых на суму ў некалькі дзясяткаў мільёнаў рублёў.

У пачатку мінулага тыдня Хасан Закаеў выступіў у судзе з апошнім словам, у якім заявіў, што ня ведаў пра падрыхтоўку тэракту, калі перавозіў зброю, у захоўваньні якой прызнаўся раней. Бок абвінавачаньня патрабаваў прызнаць Закаева вінаватым у дапамаганьні ў захопе закладнікаў і задаволіць усе грамадзянскія пазовы.

Хасана Закаева затрымалі ў сьнежні 2014 гады пасьля 12 гадоў вышуку. Паводле зьвестак СМІ, ён адказваў за дастаўку ў Маскву зброі і выбухоўкі.

23 кастрычніка 2002 году ў час паказу мюзіклу «Норд-Ост» тэрарысты захапілі тэатральны цэнтар на Дуброўцы і тры дні ўтрымлівалі ў закладніках каля тысячы чалавек, патрабуючы вываду расейскіх войскаў з Чачні. 26 кастрычніка ўлады перапынілі перамовы і аддалі загад аб штурме будынка. У залю, дзе знаходзіліся закладнікі, быў пушчаны газ, склад якога дагэтуль засакрэчаны. Загінулі 130 чалавек, больш за 700 пацярпелі. Усе тэрарысты былі забітыя.