У ЗША прапанавалі звольніцца ўсім пракурорам, прызначаным Абамам

Генэральны пракурор ЗША Джэф Сэшнс (Jeff Sessions)

Генэральны пракурор ЗША Джэф Сэшнс папрасіў пайсьці ў адстаўку 46 фэдэральных пракурораў, каб «забясьпечыць узгоднены працэс зьмены кіраўніцтва».

У заяве міністэрства юстыцыі ўдакладняецца, што 47 з 93 пракурораў, прызначаных папярэдняй адміністрацыяй, ужо звольніліся, перадае ВВС.

Зазвычай прызначаныя папярэднім прэзыдэнтам ачольнікі акруговых пракуратур ідуць у адстаўку, як толькі новы галава Белага Дому заступае на сваю пасаду. Аднак ня кожная новая адміністрацыя просіць звольніцца адначасова ўсіх пракурораў.