Беларускі электрамабіль каштавацьме ўдвая даражэй за Geely, праедзе 100 км без падзарадкі

Кітайскі Geely, сабраны на «БелДжы». Архіўнае фота

Старшыня прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімер Гусакоў анансаваў у канцы студзеня стварэньне беларускага легкавога электрамабіля. Паводле яго, аўто будзе прэзэнтаванае ў чэрвені ў час Дзён беларускай навукі ў Маскве, зборка будзе ажыцьцяўляцца на базе прадпрыемства «БелДжы» (вядомага па ня самых папулярных беларуска-кітайскіх аўтамабілях Geely).

За 20 тысяч даляраў?

Як пацьвердзіў БелТА генэральны дырэктар Абʼяднанага інстытуту машынабудаваньня НАН Сяргей Паддубка, экспэрымэнтальны прататып беларускага электрамабіля мае быць выраблены ў 2017 годзе. А масавую вытворчасьць на базе «БелДжы» наладзяць да 2019 году. І беларускі электрамабіль будзе ўдвая даражэйшы за «Джылі»:

«Наш электрамабіль, вядома, калі параўноўваць яго з коштам бэнзінавага аналяга „БелДжы“, таксама будзе даражэйшы. Мы плянуем, што прыблізна ў два разы, — заяўляе Паддубка. — Але гэта будзе яшчэ залежаць ад серыі: чым яна будзе большай, тым кошт ніжэйшым».

Сэдан Geely SC7 на сайце афіцыйнага беларускага дылера прапануецца ў рэкамэндаванай камплектацыі за 19 652 беларускія рублі. Кампактны хэтчбэк Geely LС Cross там жа прапануецца за 14 103 рублі, «паркетнік» Geely Emgrand X7 — за 26 666 рублёў. Такім чынам, абяцаная цана беларускага электрамабіля можа вагацца ў раёне 28–53 тысяч рублёў.

Паводле Паддубкі, электрамабілі нятанныя ва ўсім сьвеце. Ён сьцьвярджае, што калі ў Кітаі сярэдняе аўта каштуе 13 тысяч даляраў, то ягоны электрычны аналяг каштуе 32 тысячы даляраў, бо «да кошту аўта дадаецца цана назапашвальніка, гэта самы дарагі элемэнт; ня менш важны складнік — рухавік, для вытворчасьці якога патрэбны імпартныя рэдказямельныя матэрыялы».

Цэны на электрамабілі сапраўды вышэйшыя за бэнзінавыя. Так, адзін з самых танных «поўнапамерных» электрамабіляў на рынку, Volkswagen e-Golf, каштуе ў рэкамэндаванай на сайце вытворцы камплектацыі 29 тысяч даляраў, а бэнзінавы Golf — 19,9 тысячы. Але ў шэрагу краінаў пакупнікам электрамабіляў прапануюцца дзяржаўныя субсыдыі, таму, напрыклад, амэрыканцу e-Golf можа каштаваць каля 21,5 тысячы даляраў.

Да «Тэслы» за пяць разэтак

Як сьцьвярджае Паддубка, у Акадэміі заклалі парамэтры акумулятара будучага электрамабіля: 100 км дарогі на хуткасьці да 90 км/гдз з улікам гарадзкога руху. Поўная зарадка пройдзе толькі за 3-4 гадзіны, але зарадзіць акумулятар да 85% можна будзе за паўгадзіны.

Па гэтым паказьніку будучы беларускі электрамабіль блізкі да згаданага e-Golf — той можа праехаць «ад разэткі да разэткі», як сьцьвярджае вытворца на сайце, каля 133,5 км. Але гэта далёка ад рэкордных паказьнікаў электрамабіляў: напрыклад, люксавы сэдан Tesla Model S 100D можа праехаць без падзарадкі амаль 540 км.