Калі няма апазыцыі, карная машына жарэ ўсіх без разбору

Севярын Квяткоўскі

Андрэй Дзьмітрыеў адзначае, што мужчына, якога асудзілі на тры гады зьняволеньня за аўтамабільную акрабатыку каля абэліску Перамогі, гадаваўся ў часы Лукашэнкі:

«Увесь стандартны пакет дзяржаўнай ідэалёгіі быў у яго жыцьці, а можа і болей. І, як мы бачым, нічога ня даў».

Відавочна такі вялікі тэрмін далі за «блюзьнерства» побач з «сакральным месцам». За ўчынак, які нікому не нанёс шкоды, чым падобны да справы «Пусі Раёт». Там за хуліганства ў царкве, тут за хуліганства каля аб'екта, які ў савецкай традыцыі быў падобны да рэлігійнага.

Атэістычная краіна СССР ад 1960-х пачала ствараць культ Перамогі, зьнешне падобны да паганскага. Толькі мы ўжо чвэрць стагодзьдзя жывем у краіне, дзе хрысьціянства шануецца, прынамсі, на словах.

А для людзей, якія ня памятаюць СССР, абэліск на пл. Перамогі — гэта проста помнік. Як помнік Коласу, Леніну ці скульптура дзяўчынкі з парасонам.

Dźmitry Hurnievič: «Расьце пакаленьне, на якім дзьве апошнія вайны ўжо не пакінуць ніякай траўмы... Для гэтага пакаленьня яны будуць чымсьці такім чужым і далёкім, як для нас “Патоп” ці Лівонская вайна».

Жорсткае пакараньне аўтамабіліста, неверагодныя тэрміны за лёгкія наркотыкі, карны прэсінг бізнэсу, дзяржслужбоўцаў (адна справа мытнікаў чаго вартая!). Рэпрэсіўная машына працуе сама па сабе. Хоць у свой час стваралася для супрацьдзеяньня апазыцыйным настроям. Апазыцыйныя пакуль сьцішыліся, а машыне трэба працаваць. Таму ў свае жорны яна забірае ўжо ўсіх. У тым ліку лукашэнкаўскі электарат.

Лукашэнка падчас сваёй «размовы» трэцяга лютага сказаў, што для яго справядлівасьць вышэй за закон. Чаму б удзельнікам рэпрэсіўнай машыны ня паўтараць свайго боса?

За «блюзьнерства» каля культавай пабудовы — тры гады, а, напрыклад, за пэдафілію — чатыры гады. Страшнае вычварнае злачынства ў іх амаль прыраўнянае да бздуры, якая нікому не прынесла зла. Такое ўяўленьне пра справядлівасьць. Бо калі не працуе закон, працуе ўяўленьне. «Я мастак, я так бачу».

Тым часам у грамадзтве пануе масавая трывога наконт магчымай інтэрвэнцыі Расеі. Нават сам Лукашэнка мусіць супакойваць: «Калі нехта думае, што ўжо некалькі тысяч вагонаў загрузілі і нас акупуюць, Расея ўводзіць сюды свае войскі, — ня будзьце вы наіўнымі».

А дзяржава «кашмарыць» грамадзян судовым тэрорам, перасьледам «дармаедаў» на фоне рэальнага беспрацоўя і татальнай паняверкі ў заўтрашнім дні. Дзяржава стварае сабе новую — не ідэйную, а галодную і пакрыўджаную апазыцыю.

З не ідэйных, а чыста практычных рэзонаў Лукашэнку варта было б абвесьціць амністыю, усіх не завязаных на цяжкіх злачынствах супраць чалавека выпусьціць, даць загад карным органам прытармазіць. Бо калі заўтра вайна, пакрыўджаныя і зьнявераныя за свайго нядаўняга куміра не заступяцца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.