Кіраўнік МЗС Літвы: санкцыі Эўразьвязу ў дачыненьні да Расеі захаваюцца

Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус

Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус адзначыў, што палітыка санкцыяў Эўразьвязу ў дачыненьні да Расеі застанецца нязьменнай да поўнага выкананьня менскіх пагадненьняў. Пра гэта ён заявіў у панядзелак, адказваючы на пытаньні карэспандэнта Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкарда Юзьвяка ў кулюарах сустрэчы Рады міністраў замежных спраў Эўразьвязу.

Паводле яго слоў, у міністраў на калектыўнай аснове былі вызначаныя некаторыя крытэрыі санкцыяў Эўразьвязу ў дачыненьні да Расеі.

«Мы проста вырашылі, што пакуль менскія пагадненьні не выконваюцца, санкцыі Эўразьвязу захаваюцца, — заявіў ён. — І, безумоўна, я ня чуў ніводнага голасу, які заклікаў бы да перагляду гэтай палітыкі. Можа быць, ёсьць нейкія схаваныя ідэі, але я ня ведаю пра іх».

Лінкявічус адзначыў, што міністры выказалі падобныя погляды, як і было прадказана. «Наша палітыка застаецца нязьменнай», — адзначыў ён.

Паводле яго слоў, Эўразьвяз будзе надаваць дапамогу Ўкраіне, актыўна выкарыстоўваючы інструмэнты, такія, як групы сяброў, назіральную місію ЭЗ, усё, што мы выкарыстоўваем, а таксама будзем патрабаваць, каб менскія пагадненьні выконваліся, паколькі ў адваротным выпадку мы сапраўды ня зможам перагледзець нашу палітыку і санкцыі супраць Расеі".

Раней высокі прадстаўнік Эўразьвязу ў пытаньнях зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Фэдэрыка Магерыні заявіла, што ЭЗ пацьвердзіць палітыку непрызнаньня анэксіі Крыму Расеяй і падтрымку поўнага выкананьня менскіх пагадненьняў.