Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца ЗША ў ААН: Санкцыі супраць Расеі застануцца ў сіле, пакуль Крым ня будзе вернуты Ўкраіне


Нікі Гэйлі

Новая прадстаўніца ЗША ў Арганізацыі аб’яднаных нацыяў Нікі Гэйлі на паседжаньні Рады бясьпекі ААН, дзе абмяркоўваецца сытуацыя на ўсходзе Ўкраіны, асудзіла дзеяньні Расеі і заявіла пра падтрымку Злучанымі Штатамі ўкраінскага народу, які «пакутуе ад расейскай акупацыі і інтэрвэнцыі».

Гэйлі выказала шкадаваньне з нагоды таго, што на сваім першым паседжаньні вымушаная, як і яе папярэднікі выступаць з асуджэньнем дзеяньняў Расеі. Прадстаўніца ЗША таксама сказала, што частка тэрыторыі Ўкраіны застаецца пад расейскай акупацыяй і што санкцыі супраць Расеі застануцца ў сіле, пакуль Крым ня будзе вернуты Ўкраіне.

Паседжаньне Рады Бясьпекі ААН было скліканае на ініцыятыву Ўкраіны ў сувязі з тым, што на Данбасе абвастрылася ўзброенае супрацьстаяньне. 2 лютага ўкраінскія вайскоўцы паведамілі пра гібель яшчэ двух салдат у раёне баёў пад Аўдзееўкай у Данецкай вобласьці. Паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, сэпаратысты пры падтрымцы расейскіх войскаў пачалі інтэнсіўны абстрэл украінскіх пазыцый у Аўдзееўцы і спрабавалі іх штурмаваць.

Прарасейскія сэпаратысты сьцьвярджаюць, што ў эскаляцыі канфлікту вінаваты Кіеў. Прадстаўнік Расеі ў ААН Віталь Чуркін у сваёй прамове выступіў з падобнымі абвінавачаньнямі.

Прадстаўнік Украіны ў ААН Уладзімір Ельчанка заявіў, што Расея штучна стварае гуманітарную катастрофу на ўсходзе Ўкраіны, і што Кіеў плянуе падаць на Расею ў Міжнародны суд з абвінавачваньнямі ў ваенных злачынствах.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG