«Тапас»: за знос дома Ігнатовічам прысуджана годная кампэнсацыя

Галіну Ігнатовіч, якая забралася на кран і патрабавала справядлівай кампэнсацыі за знос свайго дома ў Лябяжым, здымаюць ратавальнікі. Менск, 31 студзеня 2017 году

У кампаніі-забудоўніку «Тапас» пракамэнтавалі сытуацыю зь сёньняшнім пратэстам Галіны Ігнатовіч.

«Група кампаніяў „Тапас“ будзе выконваць рашэньне суду, якое прадугледжвае кампэнсацыю за знос дома сям’і Ігнатовічаў у выглядзе трох двухпакаёвых кватэр у Менску», — заявілі БелаПАН у «Тапасе».

Прадстаўнік кампаніі паведаміў, што яны ўжо 3 гады вядуць перамовы з Ігнатовічамі. Іхны дом плошчай 116 кв.м па вуліцы Ржавецкай у Менску павінны быць зьнесены ў сувязі з будаўніцтвам жыльлёвага кварталу «Алімпік Парк» на месцы прыватнай забудовы.

«У дасудовым парадку ім была прапанаваная кампэнсацыя ў выглядзе кватэраў у ЖК „Браслаўскі“ агульнай плошчай 225 кв.м, што значна перавышала патрабаваньні заканадаўства», — падкрэсьлілі ў кампаніі.

Аднак ад такой кампэнсацыі Ігнатовічы адмовіліся і павялічылі свае патрабаваньні. Пасьля гэтага кампанія зьвярнулася ў суд і на пачатку сьнежня 2016 году ён пастанавіў выселіць Ігнатовічаў у прапанаваныя «Тапасам» тры двухпакаёўкі. Паводле прадстаўніка кампаніі, Ігнатовічы «выкарыстоўваюць усе даступныя мэтады, каб узбагаціцца за кошт сытуацыі».

Нагадаем, Галіна Ігнатовіч у знак пратэсту супраць высяленьня ўвечары 30 студзеня забралася на будаўнічы кран у Лебядзіным і пагражала адтуль саскочыць. Каля 12 гадзінаў наступнага дня пяць ратаўнікоў угаварылі яе спусьціцца. Жанчына шпіталізаваная зь пераахаладжэньнем.