Дашкевіча выклікаюць у ДАІ за наезд на нагу судовай выканаўцы

Зьміцер Дашкевіч

Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч атрымаў позву ў ДАІ Першамайскага раёну Менску, дзе 30 студзеня а 19.00 адбудзецца разгляд здарэньня з удзелам ягонай машыны і супрацоўніцы сэктару прымусовага выкананьня Першамайскага раёну Менску Людмілы Клыгі.

25 студзеня судовыя выканаўцы канфіскавалі аўтамабіль Зьмітра Дашкевіча з прычыны нявыплачаных штрафаў за палітычныя акцыі.

Спрабуючы выехаць з двара свайго дома, Зьміцер выпадкова наехаў на нагу Людмілы Клыгі, якая перашкаджала руху машыны. Выкліканы супрацоўнік ДАІ склаў пратакол.

У Зьмітра Дашкевіча канфіскавалі аўтамабіль

28 студзеня стала вядома, што Зьміцер Дашкевіч вярнуў сваю машыну, сплаціўшы штрафы. Большую частку грошай на аплату ахвяравалі ананімныя добразычліўцы.

«Вялікую частку грошай — дзьве тысячы даляраў — ахвяралі празь сядзібу Партыі БНФ. Чалавек проста пакінуў там грошы для мяне. Ёсьць, вядома, магчымасьць даведацца, хто гэта быў. Але я ня ведаю, ці захоча чалавек раскрывацца. Таму называем гэта ананімным ахвяраваньнем. Вялікі дзякуй гэтаму чалавеку», — сказаў Дашкевіч Свабодзе.

Ён таксама паведаміў, што 30 студзеня а 19.00 ён ідзе ў ДАІ, дзе адбудзецца разгляд інцыдэнту, у выніку якога машына Дашкевіча наехала на нагу супрацоўніцы сэктару прымусовага выкананьня Людмілы Клыгі.

«Сытуацыя будзе вядомая ўвечары. У мяне позва на 19 гадзін», — сказаў Дашкевіч.

Супрацоўніца сэктару прымусовага выкананьня Першамайскага раёну Людміла Клыга адмовілася гаварыць з журналістам пра гэты інцыдэнт.

«Я ніякіх камэнтароў без дазволу галоўнага ўпраўленьня юстыцыі не даю», — сказала яна Свабодзе.