Прэсавы сакратар новай адміністрацыі амэрыканскага прэзыдэнта Шон Спайсер заявіў, што паведамленьні СМІ «не адпавядаюць рэчаіснасьці».
Раней The Sunday Times са спасылкай на брытанскіх чыноўнікаў паведаміла, што сустрэча кіраўнікоў Расеі і ЗША на высокім узроўні адбудзецца ў сталіцы Ісьляндыі Рэйкʼявіку. Паводле інфармацыі выданьня, тэмай перамоваў павінна стаць скарачэньне ядзерных узбраеньняў. Іншыя СМІ, у прыватнасьці Bloomberg, таксама пісалі пра заплянаваную паездку Трампа праз некалькі тыдняў пасьля інаўгурацыі.
Трамп уступіць на пасаду 45-га прэзыдэнта ЗША 20 студзеня. Падчас перадвыбарчай кампаніі ён неаднаразова заяўляў пра жаданьне палепшыць адносіны з Расеяй, ухвальна выказваўся пра Ўладзіміра Пуціна.
У 1986 годзе Рэйкʼявік быў абраны месцам сустрэчы прэзыдэнта ЗША Рональда Рэйгана і генэральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова. На ёй была закладзеная аснова сучаснага працэсу кантролю над узбраеньнямі.
Памочнікі абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа абверглі паведамленьні пра плянаваную сустрэчу з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у Ісьляндыі падчас яго першай замежнай паездкі на пасадзе кіраўніка Белага дому.