Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат на пасаду кіраўніка Пэнтагону пералічыў пагрозы, якія ідуць ад Расеі


Сэнатар Джон Маккейн (зьлева) і кандыдат на пасаду міністра абароны ЗША Джэймс Матыс.
Сэнатар Джон Маккейн (зьлева) і кандыдат на пасаду міністра абароны ЗША Джэймс Матыс.

Адстаўны генэрал марской пяхоты ЗША Джэймс Матыс, якога Дональд Трамп вылучыў на пасаду міністра абароны ЗША, заявіў, што ЗША павінны быць гатовыя супрацьстаяць паводзінам Расеі ў тых галінах, дзе абедзьве краіны ня могуць супрацоўнічаць, нават нягледзячы на прапанову Трампа ўзаемадзейнічаць з Масквой.

Пра гэта гаворыцца ў пісьмовым уступным слове генэрала на слуханьнях у сэнацкім Камітэце ў справах узброеных сіл на зацьвярджэньні яго кандыдатуры на пасаду кіраўніка Пэнтагону.

«Мы вялі справы з Расеяй нават у самыя цёмныя дні халоднай вайны, і я падтрымліваю жаданьне абранага прэзыдэнта ўзаемадзейнічаць з Расеяй у цяперашні час», — напісаў Матыс.

Ён таксама пацьвердзіў удзел Расеі ў хакерстве і інфармацыйнай вайне сярод іншых праблем, зьвязаных з Масквой. Ён назваў парушэньні Расеяй міжнародных дамоваў, выкарыстаньне тактыкі кароткіх войнаў для дэстабілізацыі іншых краін і «трывожныя паведамленьні з Масквы з нагоды выкарыстаньня ядзернай зброі».

Сэнатар Джон Маккейн, старшыня Камітэту ўзброеных сіл, сказаў, што ён «ня мог быць больш шчасьлівы» ў сувязі з вылучэньнем Матыса. Ён рашуча перасьцярог ад аптымізму што да ўзаемадзеяньня з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуцінам.

«Пуцін хоча быць нашым ворагам. Ён мае патрэбу ў нас як у сваім ворагу. Ён ніколі ня будзе нашым партнэрам...», — сказаў Маккейн у сваёй уступнай прамове. «Ён лічыць, што ўмацаваньне Расеі азначае аслабленьне Амэрыкі. Мы павінны дзейнічаць на гэтай аснове», — падкрэсьліў Маккейн.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG