За карцінку «з элемэнтамі парнаграфіі» дзяўчыне з Горадні прысудзілі два гады з адтэрміноўкай

Жыхарка Горадні Дыяна Селіванава атрымала два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на год, а таксама 690 рублёў штрафу за тое, што захавала ў публічным альбоме «ЎКантакце» фота «з элемэнтамі парнаграфіі», перадае Hrodna.life. Акрмя таго, Селіванава пад падпіскай аб нявыезьдзе, ейны тэлефон канфіскаваны.

Селіванава ня згодная з прысудам, але не зьбіраецца яго абскарджваць. Яна лічыць, што ейная справа можа даць штуршок для перагляду артыкулу за распаўсюд парнаграфіі ў інтэрнэце, каб «людзі не пакутавалі праз адну карцінку».

У сакавіку мінулага году Селіванава націснула на кнопку «Захаваць сабе» пад фота, што пабачыла «ЎКантакце». На фота, як яна кажа, была «канструкцыя з трох аголеных чалавечых целаў», але яна не палічыла гэта парнаграфіяй, бо «на сваім маленькім тэлефоне ня ўбачыла палавога органа ў мужчыны».

Экспэртыза палічыла, што на здымку «фрагмэнт сцэны групавога аральна-генітальнага кантакту з вульгарна-натуралістычнай, агідна-цынічнай, непрыстойнай фіксацыяй палавых зносінаў». У Селіванавай дома праводзілі ператрус, але не знайшлі іншых парнаграфічных матэрыялаў.

Рост колькасьці спраў за распаўсюд парнаграфіі (арт. 343 КК РБ) адзначаецца з 2013 году, штогод ідуць некалькі сотняў крымінальных спраў.

Цяпер міліцыя правярае, ці распаўсюджваў парнаграфію грамадзка-палітычны цэнтар «Прававая ініцыятыва». Вінаватымі ў распаўсюдзе парнаграфіі прызнавалі блогера Эдуарда Пальчыса, (ён разьмясьціў карцінкі з антыбеларускіх суполак, каб прадэманстраваць іхную абразьлівасьць), былога актывіста НБП Дзьмітрыя Паліенкі, затрыманага на акцыі раварыстаў «Крытычная маса» (парнаграфія ў справе зьявілася не адразу), а таксама інтэрнэт-маркетоляга Аляксея Камка (той казаў, што сьледчыя не змаглі даць спасылкі на старонку, дзе нібыта была парнаграфія).