Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі расьце колькасьць прысудаў за распаўсюд порна


У суды паступае ўсё больш спраў, заведзеных паводле артыкулаў 343 і 343-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (Выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў).

Як паведамляе прэс-сакратар Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь Юлія Ляскова, у 2014 годзе за зьдзяйсьненьне такіх злачынстваў судамі краіны прыцягнута да крымінальнай адказнасьці каля 150 асобаў. Каля двух дзясяткаў зь іх атрымалі пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі.

У першым паўгодзьдзі 2015 году колькасьць асуджаных наблізілася да 120. Розныя тэрміны пазбаўленьня волі атрымалі калі 20 зь іх.

Паводле беларускага заканадаўства вырабам і распаўсюдам парнаграфічных матэрыялаў лічыцца таксама рэклямаваньне і «падабаньне» іх у сацыяльных сетках.

«Апошнім часам падчас расьсьледаваньняў крымінальных спраў, зьвязаных з распаўсюджваньнем парнаграфіі, сьледчыя ўсё часьцей сутыкаюцца з праблемай, калі асоба, якая прыцягваецца да крымінальнай адказнасьці, ня лічыць, што пастаўлены ёю „лайк“ або дададзенае сабе на старонку ў сацыяльнай сетцы відэа, якое зьмяшчае парнаграфічныя матэрыялы, зьяўляецца злачынствам», — тлумачыць Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь.

Распаўсюджваньне парнаграфіі — гэта перадача яе хоць бы адной асобе, незалежна ад спосабу (збыт, дарэньне, абмен і іншыя).

«Калі казаць пра сацыяльныя сеткі, то неабходна разумець, што, разьмяшчаючы ў сябе на старонцы ролік, які зьмяшчае элемэнты парнаграфіі, вы спрыяеце яго распаўсюджваньню, бо відэа знаходзіцца ў вольным доступе і яго змогуць убачыць усе асобы, якія наведваюць вашу старонку», — гаворыцца ў паведамленьні Сьледчага камітэту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG