На Магілёўшчыне двое чалавек загінулі ад марозу. Яшчэ двое — на пажары

На Магілёўшчыне ў выніку пераахаладжэньня загінулі двое чалавек. Па дапамогу ў мэдыцынскія ўстановы вобласьці праз абмаражэньні зьвярнуліся 38 чалавек. Шпіталізаваныя 24 чалавекі. Пра гэта паведамілі ў абласным цэнтры экстранай дапамогі.

Загінулыя былі жыхарамі Бабруйску і Быхаўскага раёну. Іх знайшлі памерлымі 7 і 8 студзеня.

«Яны знойдзеныя на вуліцы пры мінусавай тэмпэратуры. Папярэдне сьмерць надышла праз ахаладжэньне. Канчатковая прычына будзе высьветлена пасьля правядзеньня судова-мэдыцынскай экспэртызы», — сказаў спэцыяліст цэнтру.

Паводле суразмоўцы, сытуацыя з абмарожаньнямі не крытычная.

«З улікам таго, што было пад трыццаць градусаў марозу, такую сытуацыю з пацярпелымі ад іх можна лічыць нармальнай. Гэта ў асноўным абмаражэньні рук, вушэй, ступняў. Сур’ёзных траўмаў не зафіксавана».

У магілёўскі траўмапункт за апошнія трое сутак дзесяць чалавек зьвярнуліся па дапамогу з абмарожаньнямі.

«Усе гэтыя выпадкі няцяжкія. Гэта абветрываньне ці абмарожаньне рук або ног. Сытуацыя не крытычная. З прычыны маразоў людзі меней стараюцца знаходзіцца на вуліцы і адпаведна меней атрымліваюць зімовых траўмаў», — паведаміў спэцыяліст траўмапункту.

Паводле абласнога ўпраўленьня Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, значная частка пацярпелых ад маразоў была нападпітку. За апошнія суткі на пажарах загінула двое чалавек.