Дырэктар ЦРУ: даклад аб хакерскіх нападах будзе прысьвечаны толькі Расеі

Дырэктар ЦРУ Джон Брэнан заявіў у аўторак, што ўсе, хто сумняваецца ва ўдзеле Расеі ва ўзломе электроннай пошты Дэмакратычнай партыі ЗША, павінны ўбачыць маючы адбыцца даклад амэрыканскай выведкі да таго, як зробяць высновы.

«Пачакайце і ўбачыце, перш чым рабіць ацэнкі», — адзначыў кіраўнік ЦРУ ў інтэрвію тэлекампаніі PBS.

Па словах Брэнана, шэраг іншых краінаў таксама дзейнічаюць у лічбавай сфэры і займаюцца зборам інфармацыі для таго, каб абнародаваць яе. «Аднак гэты даклад засяроджаны на тым, што рабіла менавіта Расея падчас сёлетніх выбараў у ЗША», — заявіў Брэнан.

Дырэктар ЦРУ адмовіўся раскрываць зьмест гэтага дакладу, паколькі ён усё яшчэ застаецца закрытым і будзе прадстаўлены прэзыдэнту і іншым, у залежнасьці ад абставін. Гэты даклад засяроджаны на тым, што канкрэтна зрабіла Расея падчас прэзыдэнцкіх выбараў, падкрэсьліў Брэнан.

Раней абраны прэзыдэнт Дональд Трамп выказаў сумневы ў дакладнасьці ацэнак ЦРУ, параўнаўшы іх з дакладам, які амэрыканская выведка зрабіла перад уварваньнем у Ірак. Брэнан заявіў, што за апошнія гады былі ўнесены істотныя карэктыроўкі ў дзейнасьць амэрыканскай выведнай супольнасьці.

Брэнан паведаміў, што ў справаздачы выведкі ЗША апісаная сувязь заснавальніка Wikileaks аўстралійца Джуліяна Асанжа з Расеяй. «Гэтыя рэчы закранаюцца ў дакладзе», — сказаў кіраўнік ЦРУ.

Таксама Брэнан заявіў, што Расея праводзіць у Сырыі палітыку выпаленай зямлі. І Расея выкарыстала сваю сучасную зброю для барацьбы з супернікамі Башара Асада. «На жаль, Расея прадставіла ўсю апазыцыю Асаду як тэрарыстаў для таго, каб дапамагчы рэжыму. У Расеі заўсёды былі вялікія інвэстыцыі ў сырыйскую эканоміку», — падкрэсьліў ён.

Джон Брэнан пакідае сваю пасаду дырэктара разам з адміністрацыяй прэзыдэнта Абамы. На яго месца абраны прэзыдэнт Трамп прапанаваў прызначыць Майка Пампея — кангрэсмэна-рэспубліканца ад штату Канзас.