Красачка

Дэніэл Рыджуэй Найт, «Зьбіраньне польных кветак».

Яе чакалі ў красавіку. Але ў небе здарыўся нейкі пярэпалах і яна прызямлілася ў студзені.

Зімовы краявід не ўпадабала і стала тут ствараць той, які мусіла ўбачыць у свой першы вясновы дзень.

Спачатку стромкім шнурком бялюткіх лілеяў агарадзіла сьцежку пры хаце, сыпнуўшы пад ногі кармінавых стакротак. Затым правяла рысу пунсовымі ружамі, да якіх падсеяла бледнатварых рамонкаў. Давяршыла малюнак бухматымі гартэнзіямі адценьняў мамінага малачка. І закантавала раму барвовым шалфеем на сьнежным дыване алісуму.

Людзі ўгледзелі дзіва і назвалі дзяўчынку — Красачка.

Валянціна Аксак

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org