Латвія збудуе вайсковую базу ў Ліепаі, у якой могуць зьявіцца караблі NATO

Караблі NATO, ілюстрацыйнае фота

У раёне Каруоста гораду Ліепаі, што на захадзе Латвіі, будзе збудаваная вайсковая база для разьмешчаных у горадзе вайскоўцаў, распавёў інфармагенцтву LETA дзяржсакратар Міністэрства абароны Яніс Гарысанс. Урад меў азнаёміцца з праектам 16 лістапада.

На базе каля бульвару Атмуадас будуць збудаваныя казармы, штаб, сталоўка, склады і спартовы комплекс, на другім этапе пабудуюць склад боепрыпасаў, аўтазапраўку, аўтастаянку і адмысловы вайсковы порт, у якім празь 10 год маюць зьявіцца і прыстані для караблёў NATO. Але гэта ня значыць, што там будзе «база NATO»:

«Вайсковых базаў NATO як такіх не існуе, гэта тая ж самая наша інфраструктура, што можа быць выкарыстаная для патрэбаў NATO. Караблі стаяць у моры, гэта не статычнае ўзбраеньне, але патрэбная інфраструктура для іх забесьпячэньня», — тлумачыць Гарысанс.

Цяпер у Ліепаі знаходзіцца цэнтар забесьпячэньня Нацыянальных узброеных сілаў Латвіі, эскадра караблёў, навучальны цэнтар марскіх сілаў, штаб брыгады добраахвотніцкай узброенай арганізацыі самаабароны Zemessardze.