Пуцін даручыў увесьці новую «гуманітарную паўзу» у Алепа

Прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін даручыў увесьці новую «гуманітарную паўзу» у сырыйскім горадзе Алепа 4 лістапада.

Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на Міністэрства абароны Расеі. Ведамства заклікала лідэраў дзеючых у горадзе ўзброеных фармаваньняў пакінуць яго са зброяй па двух калідорах, ад якіх будуць адведзены ўрадавыя войскі і тэхніка.

20 кастрычніка Расея ўвяла «гуманітарную паўзу», падчас якой Масква і сырыйскі ўрад абавязаліся прыпыніць паветраныя атакі. Пазьней часовае замірэньне некалькі разоў падаўжалі. За гэты час ААН не змагла эвакуяваць мірных жыхароў з гораду з-за адсутнасьці гарантый бясьпекі.

Паводле інфармацыі агенцтва Reuters, тыя, што спрабавалі выйсьці з Алепа праз гуманітарныя калідоры, патрапілі пад абстрэл. 23 кастрычніка праваабаронцы паведамілі пра аднаўленьне бамбаваньняў.

Горад Алепа падзелены на зоны, занятыя сіламі прэзыдэнта Сырыі Башара Асада і атрадамі апазыцыі. Урадавая армія пры падтрымцы расейскай авіяцыі наносіць удары па кантраляваным паўстанцамі раёнах. 28 кастрычніка шэраг СМІ паведамілі, што сілы апазыцыі пачалі наступ на ўрадавыя войскі.