Ці надоўга спынена будаўніцтва копіі Сафійскага сабору, віцяблянам ня кажуць

Абвестка пра сустрэчу

На імпрэзу ў Духаўскі круглік запрашалі ўсіх, хто цікавіцца пэрспэктывамі разьвіцьця абласнога цэнтру. Нягледзячы на тое, што сустрэчу прызначылі ў працоўны час, сабраліся больш за сотню людзей, а таксама больш як дзясятак журналістаў.

На сустрэчу сабраліся больш за сотню неабыякавых гараджан

Большасьць прысутных хацела пачуць менавіта пра лёс «замарожанага» будаўніцтва сабору — копіі полацкай Сафіі ўзору ХІ стагодзьдзя. Аднак пытаньні на гэтую тэму выклікалі непрыхаванае раздражненьне ў прадстаўніка аддзелу архітэктуры гарвыканкаму спадара Багданава.

Выступае Леанід Багданаў

Зрэшты, раздражняўся Леанід Багданаў з нагоды любога пытаньня, якое пачыналася словамі «Калі ў Віцебску нарэшце пабудуюць...» Напрыклад, актывістка Тацяна Севярынец запыталася, ці яшчэ доўга чакаць жыхарам новых мікрараёнаў Білева запраектаваных паліклінікі, школы і дзіцячых садкоў. А таксама сьмецьцеперапрацоўчага камбінату, які мусіў запрацаваць ужо шмат гадоў таму.

Пытаньне задае Тацяна Севярынец

Спадар Багданаў адказаў, што праекты — гэта адно, а фінансаваньне — зусім іншае, што архітэктары толькі рыхтуюць праекты, а за тое, каб яны ўвасабляліся, не адказваюць. Таму аніякай канкрэтнай размовы не атрымалася. Прадстаўнік аддзелу архітэктуры расказаў, у якіх раёнах гораду будзе разьвівацца жыльлёвае будаўніцтва, а на самае трывожнае пытаньне — пра Сафійскі сабор — так і не адказаў.

Зрэшты, адну новую акалічнасьць пра гэтае будаўніцтва гараджане ўсё ж пачулі. І гэта прагучала ўпершыню: нібыта ў парку паміж вуліцамі Чэхава і Ўрыцкага ўжо даўным-даўно было вырашана збудаваць «аб’ект сацыяльнага прызначэньня». Мясцовыя жыхары ніколі пра гэта ня чулі і чарговы раз абурыліся тым, што пляны гарадзкой забудовы ніколі не абмяркоўваюцца з грамадзкасьцю.

На сустрэчы прыйшлі спадарыні з блізкіх да будаўніцтва дамоў

Вось і цяпер невядома, ці пагадзілася Віцебская эпархія на прапановы гарвыканкаму, выказаныя пасьля масавых пратэстаў супраць будаўніцтва копіі Сафійскага сабору ў гарадзкім парку. Гарвыканкам прапанаваў перанесьці сабор на 36 мэтраў і зьмяніць трасу камунікацый, каб мінімалізаваць зону высяканьня дрэў, адмовіцца ад аўтастаянкі каля будынка і ў 3,5 раза зьменшыць агульную плошчу офісных памяшканьняў, запраектаваных пад храмам. Рэакцыя на прапановы невядомая, і гэта хвалюе віцяблян: яны разумеюць, што, апрача будаўніцтва копіі сабору, эпархія вельмі зацікаўлена менавіта ў гэтых «падземных» пабудовах, сярод якіх «заля шматфункцыянальнага прызначэньня з вэстыбюлем, прыбіральнямі для наведнікаў, дапаможнымі памяшканьнямі; заля ўрачыстых прыёмаў і абрадаў, гардэробы для сьвятароў, трапэзная з кухняй, памяшканьні тэхнічнага прызначэньня».

На пытаньні, да якой пары прыпынілі будаўніцтва і ці прыбяруць будаўнічую агароджу, што разьмежавала парк, Леанід Багданаў паўтараў адно: «Вам пра гэта паведамяць». Якім чынам, не ўдакладняў.

Крыху яснасьці віцяблянам даў нядаўні артыкул у абласной газэце «Витебские вести», якая працытавала словы старшыні аблвыканкаму Мікалая Шарсьнёва: «Гэтая тэрыторыя, без сумневу, вымагае таго, каб яе добраўпарадкавалі. Але пакуль ня вырашана пытаньне з крыніцамі фінансаваньня будаўніцтва храму (на гэтыя мэты не прадугледжаны і ня будуць выкарыстоўвацца сродкі зь бюджэту), размову пра пачатак будаўніцтва весьці зарана».

Аднак віцябляне на ўласныя вочы бачылі «пашпарт аб’екта», ужо зьняты з плоту, дзе ў якасьці тэрміну пачатку будаўніцтва быў пазначаны верасень гэтага году. А скончыць узьвядзеньне сабору плянавалі надзвычай хутка — праз два гады... Яшчэ нядаўна віцяблянам абяцалі, што спонсарам будаўніцтва стане расейскі «Газпром», але цяпер тыя, хто гэта дэкляраваў, адмаўляюцца ад сваіх слоў. А жыхары гораду катэгарычна супраць, каб падобныя аб’екты будаваліся за іхны кошт — за сродкі ад «добрахвотных суботнікаў» і пабораў з прадпрымальнікаў.

Дзяўчына, якая прынесла абраз

Ну сустрэчы з Леанідам Багданавым выразна дэманстравала сваё жаданьне ўбачыць у парку новы сабор толькі адна дзяўчына. Яна прыйшла са скручаным папяровым абразом і час ад часу яго разгортвала.

Пасьля сустрэчы спадара Багданава працягвалі распытваць пра сабор

Увагі на гэта амаль ніхто не зьвяртаў: усе былі ўражаныя словамі намесьніка архітэктара пра тое, што ў горадзе няма грошай на ўвасабленьне пераважнай большасьці праектаў, ужо даўно зробленых і зацьверджаных, у тым ліку некаторых — асабіста Аляксандрам Лукашэнкам. Але сродкаў няма ні на паліклінікі, ні на школы, ня кажучы ўжо пра абяцаны гараджанам аквапарк або Паўночны мост цераз Дзьвіну, пра які вядзецца яшчэ ці не з савецкіх часоў.