За год экспарт упаў на 18,6%, імпарт — на 14,4%

Згодна са справаздачай Белстату пра асноўныя сацыяльна-эканамічныя паказьнікі Беларусі ў студзені-жніўні 2016 году, замежны гандаль значна ўпаў у параўнаньні зь мінулым годам.

Падзеньне аб’ёмаў замежнага гандлю (і экспарту, і імпарту) працягваецца з 2013 году.

Згодна са справаздачай, у студзені-ліпені 2016-га аб’ёмы экспарту тавараў зь Беларусі склалі ў актуальных цэнах 81,4% ад такіх у 2015 годзе (тады было 16,1 млрд даляраў). Экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі за гэты пэрыяд упаў на 13,1%, а экспарт паслугаў — на 6,1%. Імпарт за той жа пэрыяд склаў 85,6% ад студзеня-ліпеня летась (было 17,6 млрд даляраў).

Найбольш упаў экспарт у краіны па-за межамі СНД, на 33%. Імпарт зь іх упаў на 14,3%. Тры пятыя таваразвароту па-за межамі СНД — з Эўразьвязам. Экспарт у Расею ўпаў меней, на 6,4%, а імпарт з Расеі — на 13,1%.

Сальда замежнага гандлю засталося адмоўным — Белстат яшчэ не фіксаваў такога году, калі б яно было станоўчым, хоць найбліжэй да таго Беларусь была ў 2012 годзе.

Што цікава, рост імпарту назіраецца толькі ў Гарадзенскай вобласьці (+11,2%), якая мяжуе зь Літвой і Польшчай. Але яе доля што ў экспарце, што ў імпарце малая: 6,7% экспарту і 4,5% імпарту ад усёй Беларусі. Асноўную масу экспарту і імпарту тавараў дае Менск (37,3% экспарту і 36,9% імпарту) і Менская вобласьць (адпаведна 20,8% і 15,3%).

У нацыянальных маштабах у справаздачы практычна кожны паказьнік адмоўны: ВУП упаў, заработная плата ўпала, прадукцыйнасьць працы, прамысловая і сельскагаспадарчая вытворчасьць таксама, інвэстыцыі ў асноўны капітал упалі, тое ж і з будаўніцтвам.

Праўда, разам з гэтым крыху зьнізілася і колькасьць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных: 42646 чалавек на канец жніўня 2016 году, на 686 меней за канец мінулага году. Афіцыйнае беспрацоўе ў Беларусі ўсё яшчэ ніжэйшае за 1% ад эканамічна актыўнага насельніцтва.

Вырасла толькі вонкавая пазыка: на 1 жніўня — 13,3 млрд даляраў (+9,3% ад пачатку году).

Адсутнасьць эканамічнага росту насьцярожыла нават Лукашэнку, які яшчэ нядаўна забараняў даваць эканоміцы «занадта пэсымістычныя ацэнкі».