«Выбары ў Беларусі ня сьведчаць пра дэмакратычны працэс», — дэпутатка Бундэстагу Марылюіза Бэк

Марылюіза Бэк

Дэпутатка Бундэстагу ад фракцыі «Саюз-90»-«Зялёныя» Марылюіза Бэк ня лічыць, што парлямэнцкія выбары ў Беларусі сьведчаць пра дэмакратычны працэс. Яе заяву перадае BundesPressePortal.

«Зноў студэнтаў змушалі да датэрміновага галасаваньня, хоць гэта вядомы спосаб маніпуляцыі, — пералічвае Бэк. — Зноў апазыцыя практычна не была дапушчаная ў выбарчыя камісіі. Выбарчая атмасфэра з кантраляванай дзяржавай сфэрай СМІ, прыгнётам апазыцыі і крытычных галасоў робіць немагчымым дэмакратычнае волевыяўленьне.

Галоўным чынам маўклівы падлік галасоў дазваляе, нягледзячы на прысутнасьць назіральнікаў, абвяшчаць любы пажаданы вынік. У сьвятле недахопаў, што захаваліся, наўрад ці істотна, што ў парлямэнт увойдуць два апазыцыйныя кандыдаты».

На думку нямецкай дэпутаткі, сьведчаньнем нязьменна кепскай сытуацыяй з дэмакратыяй у Беларусі ёсьць рэпрэсіі супраць сацыёлягаў НІСЭПД, якія спынілі дзейнасьць пасьля 25 год працы і якіх Бэк называе «паважанымі на міжнародным узроўні». Яна мяркуе, што гэта шкодна беларускаму рэжыму, які «стварае толькі прыемныя навіны», але губляе «важны індыкатар настрою ў краіне». Бэк заяўляе, што нельга апраўдваць кепскую сытуацыю з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі ў час карэктаваньня палітыкі Эўразьвязу адносна Беларусі ў сувязі з расейскай агрэсіяй ва Ўкраіне.

«Падтрымка краіны і яе незалежнасьці павінна ажыцьцяўляцца з уцягваньнем грамадзянскай супольнасьці і быць зьвязанай з пашырэньнем дэмакратычных правілаў гульні ў Беларусі», — рэзюмавала яна.