Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР: Выбары не былі сумленнымі і свабоднымі


Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла заяву з нагоды выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнагс сходу.

У сваёй заяве, зьмешчанай ў фэйсбуку, Рада БНР зьвярнула ўвагу на «шматлікія парушэньні дэмакратычных стандартаў, такія, як факты зьняцьця з выбараў і ціску на кандыдатаў ад апазыцыі, адсутнасьць умоваў для вядзеньня кандыдатамі ад апазыцыі паўнавартаснае перадвыбарчае кампаніі, фактычную непрадстаўленасьць апазыцыі ў выбарчых камісіях усіх узроўняў, татальную непразрыстасьць працэдуры падліку галасоў, асабліва пададзеных у рамках датэрміновага галасаваньня, факты ціску на выбарцаў, у тым ліку прымушэньне да датэрміновага галасаваньня, факты ціску на назіральнікаў за галасаваньнем, у тым ліку неабгрунтаванага выдаленьня назіральнікаў з участкаў, факты фальсыфікацыі працэдуры галасаваньня і іншыя».

Улічваючы невыкананьне афіцыйнымі ўладамі Рэспублікі Беларусь рэкамэндацыяў АБСЭ адносна ўдасканаленьня выбарчага працэсу ў Беларусі, Рада БНР «канстатуе, што выбары ў Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь не зьяўляліся сумленнымі і свабоднымі, а сфармаваная па іх выніках структура ня можа разглядацца як законна і дэмакратычна абраны парлямэнт Беларусі».

Рада БНР заклікала «міжнародную супольнасьць, у тым ліку Эўрапейскі Зьвяз і Раду Эўропы, абмежаваць узаемадзеяньне з Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь тэхнічнымі пытаньнямі, выключыўшы магчымасьць фармальнага або фактычнага афіцыйнага прызнаньня гэтае арганізацыі ў якасьці парлямэнту Рэспублікі Беларусь». Таксама ў заяве ўтрымліваецца заклік да міжнароднай супольнасьці «аказаць ціск на афіцыйныя ўлады Беларусі з мэтаю дэмакратызацыі палітычнае сыстэмы Беларусі і гарантаваньня абароны зацьверджаных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь правоў чалавека».

У завяршэньні Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заклікала ўлады Рэспублікі Беларусь да «вызваленьня палітычных вязьняў, у тым ліку Эдуарда Пальчыса, Міхаіла Жамчужнага, Уладзіміра Кондруся, прывядзеньня палітычнае сыстэмы Беларусі ў адпаведнасьць зь міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі і да правядзеньня дэмакратычных і празрыстых выбараў у органы ўлады ўсіх узроўняў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG