Хто прадстаўляе Беларусь на Паралімпіядзе

Алена Галкіна, 38 год. У фэхтаваньні 11 гадоў.

Для Алены гэта ўжо другая Паралімпіяда. Дыягназ — пералом хрыбетніка.

Алеся Макрыцкая, 30 год. Займаецца фэхтаваньнем ужо 10 гадоў.

У 2004 годзе яна трапіла ў ДТЗ і пашкодзіла хрыбетнік. Трагедыя здарылася на чацьвёртым курсе, аднак Алеся пасьля аварыі скончыла пэдагагічны каледж экстэрнам.
 

Для Алесі сёлета другая алімпіяда.

Аляксандар Субота, 32 гады. З 12 гадоў займаецца веславаньнем на байдарках і каноэ.

У паралімпійскім руху займаўся лыжнымі гонкамі, лёгкай атлетыкай, кіданьнем дзіды, скачкамі ў даўжыню і трайным скачком.

Пераможца чэмпіянату Эўропы ў 2016 годзе ў трайным скачку. У гэтай жа дысцыпліне ён выступіць сёлета на Паралімпіядзе.

Аляксандар мае правабаковы параліч Эрба. Для яго сёлета 4-я Паралімпіяда.

Ігар Бокій. 22 гады. Інвалід па зроку. Выступае ў плаваньні.

На мінулых Паралімпійскіх гульнях Ігар атрымаў 5 залатых і адзін срэбраны мэдаль.

Натальля Шавель. Зь дзяцінства займалася плаваньнем. У 23 гады трапіла ў ДТЗ, моцна пашкодзіла хрыбетнік.

Лекары доўга змагаліся за яе жыцьцё, на ногі ўстаць яна так і не змагла. Натальля не адчувае нічога ніжэй пояса. Для яе гэта 4-я Паралімпіяда.

Аляксандар Трыпуць, 34 гады. Інвалід па зроку. Чэмпіён Паралімпіяды ў Атэнах па кіданьні дзіды

4 гады таму Аляксандар выпаў з акна сваёй кватэры на 4 паверсе. Атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, пералом хрыбетніка.

Дзякуючы падтрымцы калегаў-спартоўцаў вярнуўся ў спорт, цяпер на вазку.

Андрэй Муха, 31 год. Інвалід па зроку, мае частковую страту зроку

Андрэй сёлета першы раз на Паралімпіядзе.

Магчымасьць паехаць ён атрымаў пасьля таго, як расейскую паралімпійскую зборную дыскваліфікавалі праз допінг і беларуская каманда атрымала дадатковую ліцэнзію.